Віктара Бабарыку паставілі ў калоніі на прафулік за нарэзку сала
Віктар Бабарыка / Еўрарадыё
Палітвязня Віктара Бабарыку ў папраўчай калоніі №1 паставілі на прафілактычны ўлік за тое, як ён рэзаў сала. Пра гэта праваабаронцам расказаў былы зняволены гэтай калоніі.
Па яго словах, за Бабарыкам усталяваны ўзмоцнены кантроль. У месцах яго працы, як правіла, стаіць шмат відэакамераў, каб ён не пакідаў працоўнае месца не паводле раскладу.
"Таксама на Бабарыку павесілі прафілактычны ўлік як "схільнага да захопу закладнікаў, праявы агрэсіі і нападу на адміністрацыю". Праз тое, што ён ножыкам пакінуў драпіны на падваконні, калі рэзаў сала. Гэта ўбачылі пазаштатныя супрацоўнікі адміністрацыі, пабеглі ў штаб і даклалі пра гэта операм [супрацоўнікам адміністрацыі калоніі]. На гэтай падставе палітвязню павесілі такі прафулік", — распавёў былы вязень.
Віктар Бабарыка асуджаны на 14 гадоў па абвінавачанні ў "адмыванні" грошай, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. Крымінальны пераслед Бабарыкі пачаўся пасля таго, як ён вылучыў сваю кандыдатуру на выбары прэзідэнта ў 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.