Віктара Ганчарэнку могуць звольніць з ЦСКА

Віктар Ганчарэнка / pfc-cska.com
Віктар Ганчарэнка / pfc-cska.com

Беларус Віктар Ганчарэнка можа пакінуць пасаду галоўнага трэнера маскоўскага клуба ЦСКА да пачатку 2021 года. Пра гэта парталу Championat.com паведамілі дзве крыніцы.

"Цяпер у клубе дапускаюць усе варыянты развіцця сітуацыі, але варыянт з адстаўкай сур'ёзна разглядаецца", — сказала адна з крыніц.

Лёс Ганчарэнкі, паводле яе слоў, будзе шмат у чым залежаць ад вынікаў матчаў з "Уралам" і "Растовам". Калі ж Ганчарэнка вымушаны будзе пакінуць каманду, то "адным з кандыдатаў на пасаду трэнера каманды можа быць Васіль Беразуцкі (экс-гулец ЦСКА, шасціразовы чэмпіён Расіі і ўладальнік кубка УЕФА — Еўрарадыё)", сказала крыніца.

У чацвер ЦСКА завяршыў выступленне ў Лізе Еўропы ў гэтым сезоне. Каманда не змагла выйсці з групы, набраўшы ўсяго тры ачкі ў шасці матчах і не атрымаўшы ніводнай перамогі. Напярэдадні армейцы прайгралі на выездзе заграбскаму "Дынама" — 1:3.  

Ганчарэнка назваў выступ каманды ў Лізе Еўропы ў гэтым сезоне правалам.

"Гэта не тое, на што мы разлічвалі. Але прычын шмат — гэта і маладосць, і вялікая колькасць гульняў, і хваробы. Можа, не хапіла сіл у такім шчыльным графіку", цытаваў Ганчарэнку сайт клуба.

Ганчарэнка ўзначальвае ЦСКА з 2016 года. Пад яго кіраўніцтвам маскоўскія армейцы двойчы станавіліся сярэбранымі прызёрамі расійскага чэмпіянату, а таксама ўладальнікамі Суперкубка Расіі. Ганчарэнка вымушаны быў у свой час праз траўму скончыць кар'еру гульца. У 2007 годзе стаў галоўным трэнерам барысаўскага БАТЭ. Пры ім каманда стабільна станавілася чэмпіёнам Беларусі, выходзіла на групавыя раўнды Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі