Віталь Гуркоў звольнены з Мінспорту, яго могуць не адправіць на чэмпіянат свету
Сусветнавядомы тай-баксёр Віталь Гуркоў, які ў сакавіку стаў чэмпіёнам Беларусі па муай-тай, можа не паехаць на чэмпіянат свету, які стартуе 19 траўня ў Швецыі.
“Цікава, ці знойдуць грошы чыноўнікі з Федэрацыі на спартсмена, ад якога яны пазбавіліся з-за яго музычнай дзейнасці. Час ідзе, а яснасці няма. Ці нам на канцэртах скрыначку паставіць з надпісам “Гуркову на чэмпіянат”?” — напісаў спартсмен у адкрытай суполцы ў Viber.
Нагадаем, што сёлета ў сакавіку Віталь, які таксама займаецца музыкай, нечакана прапусціў некалькі канцэртаў у складзе гурта Brutto, вярнуўся на рынг і ўпэўнена перамог на чэмпіянаце Беларусі па муай-тай. Акурат на гэтых спаборніцтвах адбіралі ўдзельнікаў сусветнага першынства. Здавалася б, дзесяціразовы чэмпіён планеты і сусветная зорка муай-тай Віталь Гуркоў павінен быць адным з першых у спісе кандыдатаў на паездку ў Швецыю.
Пачаўся збор грошай на ўдзел Гуркова ў чэмпіянаце свету
Просім Гуркова патлумачыць сітуацыю. Цягам гутаркі высвятляецца і тое, што дзяржава ўжо не плаціць Заслужанаму майстру спорту зарплату.
“Раней я быў на стаўцы ў Міністэрстве спорту. Штомесяц атрымліваў зарплату, а да таго ж ведаў, што на мяне заўжды ёсць фінансаванне. Але некаторыя члены Беларускай федэрацыі муай-тай і кікбоксінга вытравілі мяне са штатнай каманды. Таму на мой выезд трэба шукаць дадатковыя грошы, і цяпер мая паездка на чэмпіянат — пад пытаннем. Фінансаванне дагэтуль не знайшлі. Хоць я ў добрай форме. Без пытанняў перамог на чэмпіянаце Беларусі, хоць адпрацаваў акуратненька, каб зноў адчуць рынг і прадыхацца. Таму што пасля траўмы ў мяне баёў не было”, — выказваецца Гуркоў.
Еўрарадыё: Усё ж як так атрымалася, што вы больш не на стаўцы ў Мінспорту?
Віталь Гуркоў: Афіцыйна я сышоў па згодзе бакоў. Усё пачалося з таго часу, як я стаў выступаць у складзе Brutto. Спачатку гэта ўсім падабалася. Да таго ж усе ведалі пра маю пазіцыю наконт прасоўвання беларускай мовы і ўдзелу ў культурным жыцці краіны. Падчас гастроляў я браў адпачынак па ўласным жаданні і выязджаў. Музычная дзейнасць не перашкодзіла мне перамагчы на чэмпіянаце Еўропы. Потым я чарговы раз стаў чэмпіёнам Беларусі, павінен быў ехаць на чэмпіянат свету-2015, але траўмаваўся. У той час змяніўся старшыня Федэрацыі муай-тай і кікбоксінга. Ім стаў генерал-маёр унутраных войск МУС Юрый Караеў, чалавек новы. Гэтым, напэўна, скарысталіся недобразычліўцы. На адным з пасяджэнняў Федэрацыі абмяркоўвалі артыкулы з разнастайных сайтаў. Быў там і мой фотаздымак з капай, на якой выяўленая “Пагоня”. Сітуацыю выставілі так, што ў зборнай вораг, ледзьве не экстрэміст і апазіцыянер. Мяне доўга схілялі напісаць заяву па ўласным жаданні. Я гэтага не зрабіў. У выніку мы дамовіліся з Караевым, што я дапрацую да канца кантракта і сыду. У Мінспорту майму рашэнню былі шчыра здзіўленыя, прапаноўвалі застацца. Але рашэнне ўжо было прынятае.
Еўрарадыё: Чаму вы ў гэтай сітуацыі не супраціўляліся?
Віталь Гуркоў: Таму што мне сказалі, што не будуць падпісваць сацыяльныя адпачынкі, і мая канцэртная дзейнасць на гэтым скончыцца. Нягледзячы на спартовыя вынікі, бюракраты заўжды могуць знайсці, да чаго дачапіцца.
Еўрарадыё: То бок вы лічыце, што гэта быў у нейкім сэнсе палітычны пераслед?
Віталь Гуркоў: Я не ведаю, што гэта было, але мне не аднойчы выказвалі прэтэнзіі за гістарычныя перапосты ў Фэйсбуку. З галоўным трэнерам Сцяпанавым на гэты конт у нас была спрэчка. Яго пазіцыя такая, што ўсе мы савецкія людзі. Я рос ужо ў незалежнай Беларусі і савецкім чалавекам сябе не лічу. Другі момант, у прэзідыюме Федэрацыі з’явіліся незразумелыя людзі, якія, як мне стала вядома ад таго ж Сцяпанава, сочаць за маімі перасоўваннямі, манітораць інтэрнэт і збіраюць на мяне кампрамат. Чалавек, пра якога я кажу, спрабаваў дыскрэдытаваць мяне фотаздымкам з інтэрнэта, на якім бачная мая капа з “Пагоняй”. У той жа час ён, лічу, не мае паняцця, што такое трэніровачны працэс і муай-тай. Чаму такіх людзей ставяць у кіраўніцтва Федэрацыі, не разумею. Але яны займаюць месцы самых аўтарытэтных трэнераў, якія куюць вынік, для якіх муай-тай — гэта не пагуляцца, а жыццё.
Еўрарадыё: Як вы тлумачылі тое, чаму ў вас на капе гістарычны герб “Пагоня”?
Віталь Гуркоў: Лічу, што не трэба нашы нацыянальныя сімвалы прыпісваць апазіцыі ці яшчэ каму-небудзь. Яны належаць беларускаму народу, гэта частка нашай гісторыі. Такога меркавання прытрымліваецца, напэўна, кожны адэкватны чалавек. Нядаўна гэтую тэму абмяркоўвалі нават у праграме “Клуб рэдактараў” па Першым нацыянальным. Канкрэтна мяне “Пагоня” матывуе, дапамагае перамагаць.
Еўрарадыё: Здаецца, у вас ніколі не пыталіся пра стаўленне да дзяржаўнага сцяга…
Віталь Гуркоў: На міжнароднай арэне сёння Беларусь ведаюць афіцыйна па гэтым сцягу. Я яго не выракаўся, успрымаю лаяльна і не раз уздымаў, узыходзячы на вышэйшую прыступку п’едэстала, як баец зборнай Беларусі. Цяпер не той момант, каб раздзяляць Беларусаў на прыхільнікаў бел-чырвона-белага ці чырвона-зялёнага сцягоў. Трэба аб’ядноўвацца і разам вырашаць складанасці, з якімі сутыкнулася краіна. Тыя людзі, якія сёння беларусаў раз’ядноўваюць, па вялікім рахунку, б’юць па суверэнітэце краіны.
Еўрарадыё: Ці гатовы вы сёння біцца з любым самым моцным байцом планеты? Не толькі на чэмпіянаце свету, але і на прафесійным рынгу?
Віталь Гуркоў: Так. Усе рэзервы ў мяне для гэтага ёсць.
Еўрарадыё: А што з гуртом Brutto? Гастролі працягнуцца?
Віталь Гуркоў: Натуральна. Нават падчас гастроляў я працягваю трэніровачны працэс і праводжу майстар-класы. Калі я выходжу на рынг, значыцца, я ўпэўнены, што знаходжуся ў належнай форме.
Галоўны трэнер зборнай: “Канчатковае рашэнне будзем прымаць на зборах”
У Беларускай Федэрацыі кікбоксінга і тайскага бокса Еўрарадыё накіравалі наўпрост да рулявога зборнай Міхаіла Сцяпанава. Трэнер тлумачыць, што ў алімпійскі год тай-баксёры маюць праблемы з фінансаваннем і вельмі пільна падыходзяць да пытання выбару ўдзельнікаў чэмпіянату свету.
“Мы адправім на чэмпіянат свету наймацнейшых. Віталь Гуркоў і трэніруецца, і спявае. Калі я ўбачу яго на зборах, стане зразумела, ці ёсць сэнс везці яго на чэмпіянат свету. Мне не зусім спадабалася, як ён выступіў на чэмпіянаце Беларусі. Ён быў трошкі мацнейшы за другога нумара зборнай, але я не сказаў бы, што на галаву. Канчатковае рашэнне будзе прымаць прэзідыюм Федэрацыі”, — кажа Сцяпанаў.
Скандальную сітуацыю з выключэннем Гуркова са складу штатнай каманды тай-баксёраў трэнер тлумачыць асабістым выбарам байца і яго музычнай дзейнасцю ў гурце Brutto:
“З ім была праведзеная гутарка: выбірай, спортам будзеш займацца ці музыкай. Ніхто яго не вытравіў, ён сышоў сам. Да гэтага прапусціў чэмпіянат свету ў Тайландзе”.
Еўрарадыё: Паведамлялася, што Гуркоў тады быў траўмаваны.
Міхаіл Сцяпанаў: Да нашага доктара ён не звяртаўся. А падчас чэмпіянату свету паехаў у Лондан плясаць з “Ляпісам Трубяцкім” на сцэне (чэмпіянат праходзіў з 13 па 23 жніўня, Гуркоў выступаў у Лондане 18 кастрычніка, — Еўрарадыё).
(Сам чэмпіён запэўнівае, што перад чэмпіянатам свету-2015 праходзіў курс лячэння і можа прадаставіць усе медыцынскія дакументы. А для канцэрта ў Лондане напісаў заяву на адпачынак, якую завізіраваў Міхаіл Сцяпанаў).
Міністэрства спорту: “Пытанне толькі ў фінансах — атрымаецца знайсці грошы ці не атрымаецца”
У Мінспорту заявы Віталя Гуркова сталі нечаканасцю, хоць канкрэтна гэтае ведамства баец не крытыкуе. Падчас атэстацыі нацыянальнай каманды, дзе чэмпіён страціў сваю стаўку, ён не выказваў прэтэнзій.
Дакладна вядома, што ў дадзены момант Гуркоў уваходзіць у так званы пераменны склад зборнай. Уваходзіць у пастаянны склад ён не можа толькі таму, што не стаіць на стаўцы ў Мінспорту.
“Пытанне толькі ў фінансах — атрымаецца знайсці для Гуркова грошы на чэмпіянат свету ці не атрымаецца”, — адзначылі Еўрарадыё ў Мінспорту.
Бюджэт на паездку тай-баксёраў у Швецыю разлічваўся ў рублях. З таго часу наша валюта аслабла, а разлічвацца з арганізатарамі першынства трэба ў еўра. У тым ліку і таму грошай не хапае.
Усе сродкі кінутыя на Алімпіяду-2016. Муай-тай хоць і папулярны від спорту, але не ўваходзіць у алімпійскую праграму, таму пры сённяшніх абставінах лагічна, што Федэрацыя сутыкнулася з няпростай задачай знайсці поўнае фінансаванне на паездку нацыянальнай каманды. Што праўда, і Гуркоў не шараговы баец, а адзін з самых тытулаваных байцоў ва ўсёй гісторыі чэмпіянатаў свету па муай-тай.
Фота са старонак ў сацыяльных сетках герояў матэрыялу, Yana KorlaEva і brut.to