ВНУ сталі адмаўляць у выдачы дакументаў беларусам, якія з'ехалі за мяжу

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт / sb.by

Беларусам, якія знаходзяцца за мяжой, стала складаней атрымаць дублікаты дакументаў аб адукацыі. Навучальныя ўстановы масава пачалі адмаўляць у выдачы дакументаў прадстаўнікам з даверанасцю, выпісанай у замежжы. У ВНУ спасылаюцца на ўказ Лукашэнкі "Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўленні дзеянняў". Дакумент быў падпісаны ў пачатку верасня. Ён закрануў замену і выдачу пашпартоў, ажыццяўленне шэрагу працэдур па даверанасці і прастаўленне апастыляў.

Выпускнікі і былыя навучэнцы, якім спатрэбіліся дакументы аб адукацыі, таксама сутыкнуліся з праблемамі. Ім прапануюць вярнуцца і самім забраць патрэбнае, піша "Наша Ніва". У прыватнасці, у такой сітуацыі апынулася былая студэнтка аднаго з мінскіх універсітэтаў. Пасля трох курсаў ВНУ дзяўчына разам з бацькамі была вымушаная спешна выехаць з краіны. За мяжой яна вырашыла працягнуць навучанне. Для паступлення ёй патрабаваўся атэстат "Аб агульнай сярэдняй адукацыі" і выпіска з ведамасці ВНУ з адзнакамі. Але сваячцы дзяўчыны дакументы не аддалі, патлумачылі новым парадкам, усталяваным з улікам указа Лукашэнкі. У сваячкі была даверанасць, складзеная за мяжой, але гэты дакумент у ВНУ назвалі несапраўдным.

У БДУ і Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце журналістам выдання пацвердзілі, што па даверанасці, аформленай за мяжой, атрымаць дакументы больш нельга. Аддаць дакументы па такой даверанасці былі гатовыя толькі ў БДУІР. Даверанасць пры гэтым павінна быць перакладзеная на рускую мову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі