Вольгу Крапоціну аштрафавалі на 4,5 млн за ўлёткі "Вярніце Крым"
Мінінфармацыі прызнала ўлёткі “масава-палітычным неперыядычным выданнем”.
18 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў Вольгу Крапоціну вінаватай у “незаконным вырабе і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі”. Дзяўчыну аштрафавалі на 4,5 млн рублёў (30 базавых велічыняў), піша праваабарончы сайт "Вясна".
Сведкам на судзе выступіў гродзенец Уладзімір Гарэлаў, які 19 верасня самачынна затрымаў дзяўчыну і перадаў яе міліцыі. На судзе ён патлумачыў свой учынак павагай для ўчастковага міліцыянта, які раней прыходзіў да яго і прасіў дапамагчы ў пошуку тых, хто распаўсюджвае “крамольныя” ўлёткі.
Крапоціна сваёй віны не прызнала. Яна заявіла, што Канстытуцыя дае кожнаму грамадзяніну Беларусі права на вольны распаўсюд інфармацыі. У матэрыялах справы фігуравала таксама экспертыза Міністэрства інфармацыі, якая прызнала самаробныя ўлёткі Крапоцінай “масава-палітычным неперыядычным выданнем”.
Нагадаем, што 19 верасня міліцыя затрымала Вольгу Крапоціну ў цэнтры Гродна і забрала ў яе 17 улётак у падтрымку Украіны.
Фота — spring96.org