Вугаль з ЛНР транспартуецца ў Польшчу праз Беларусь

Вугаль з ЛНР транспартуецца ў Польшчу праз Беларусь

На мінулым тыдні міністр энергетыкі Украіны Ігар Насалік пацвердзіў украінскім СМІ, што ў Польшчу пастаўляецца антрацыт з АРЛД (асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей), якія не кантралююцца Украінай. І дадаў, што для ўкраінскага боку гэта прыкра, калі эканамічная выгада суседняй краіны стала вырашальнай у гэтым пытанні. Сама ж Украіна, паводле міністра, набывае антрацыт у ЗША і ў афрыканскіх краінах, каб не фінансаваць сепаратыстаў.

Міністр энергетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі пацвердзіў, што Польшча набывала вугаль, але дадаў, што ў адносна невялікіх колькасцях: было набыта 11 тысяч тон. А гэтага хопіць, каб суткі працаваў энергетычны блок. 

Як высветлілі польскія журналісты з выдання “Газета праўна”, канчатковым пакупніком вугалю з’яўляюцца польскія буйныя фірмы — кшталту Szar з Чэнстахова. Па словах рэдактара “Газеты Праўнай” Міхала Патоцкага, пасля Турцыі Польшча з’яўляецца другім па аб’ёме пакупніком: 

“Антрацыт ідзе праз польскіх трэйдараў, ідзе ў вялікую прамысловасць, бо антрацыт, як правіла, не выкарыстоўваецца ў звычайных дамах, каб абагрэцца. Ён ідзе ў вялікую прамысловасць, скажам, у хімічную”.

Прычым транспарціроўка вугалю ў Польшчу, як атрымалася высветліць польскім журналістам, вядзецца двума шляхамі — марскім і чыгуначным. Калі з марской транспарціроўкай маршрут да канца не зразумелы, то наземны маршрут ажыццяўляецца расійскай чыгункай “РЖД” праз Беларусь, а вугаль праходзіць мытны кантроль на пераходзе Брэст-Цэнтральны, працягвае Міхал Патоцкі:

“З пункту гледжання польскіх мытнікаў, яны маглі і не здагадвацца, што вугаль паходзіць з Данбаса. Бо няма міжнароднага эмбарга на гандаль ці імпарт з непадкантрольных тэрыторый, як гандаль з Крымам ці гандаль крымскай прадукцыяй”

Аднак калі фірма-пастаўшчык зарэгістраваная ў Растове-на-Доне на імя колішняга міністра энергетыкі ЛНР, то не сакрэт, дзе гэты вугаль здабываецца. 

Дарэчы, яшчэ 15 сакавіка Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны падчас экстраннага пасяджэння вырашыў спыніць перамяшчэнне грузаў праз лінію, якая мяжуе з Данбасам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі