Выехаць з Румыніі і Балгарыі ў Брытанію немагчыма — квіткі скупілі мігранты

За дзень да Новага года выданне Daily Mail б’е трывогу: даехаць да Вялікабрытаніі з Бухарэста ці Сафіі амаль немагчыма. Бо румыны і балгары, якія хочуць паспытаць шчасця на Туманным альбіёне, выкупілі ўсе квіткі да 9 студзеня.

Daily Mail: “Бюджэтная авіякампанія Wizz Air, якая абслугоўвае Усходнюю Еўропу, падвоіла колькасць рэйсаў. Тым не менш, з-за попыту, квіткі нават на гэтыя незапланавыя рэйсы прадаюцца прыкладна па 300 фунтаў. На цэнтральнай станцыі ў Сафіі вялікі плакат, які паказвае Біг Бэн, лонданскі аўтобус і рэкламуе маршруты да новага жыцця”.

Справа ў тым, што падчас прыняцця ў ЕС у 2007-м годзе на грамадзян Румыніі і Балгарыі Вялікабрытанія і яшчэ восем краін (Германія, Францыя іншыя) увялі пэўныя абмежаванні наконт працы. 1-га студзеня яны скончыліся.

Нядаўна брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран абмежаваў доступ да брытанскай сацыяльнай сістэмы для замежнікаў з іншых краін. Цяпер апошнія могуць атрымліваць дапамогу па беспрацоўі толькі цягам трох месяцаў. Але, калі верыць Daily Mail, балгары і румыны не губляюць надзеі ўхапіць свой кавалак пірага. З’явіліся нават цэлыя фірмы, якія хутка пачалі вывучаць сацыяльную сістэму Вялікабрытаніі.

Daily Mail: “У той час, як некаторыя з прыбываючых выказваюць жаданне знайсці працу, паведамленні на форумах кажуць аб жаданні іншых атрымаць ільготы. Адна маці распавяла, як хоча перавезці сям’ю ў Вялікабрытанію, каб атрымаць падатковыя льготы на дзіця, у той час, як мужчына распавядае аб жаданні атрымаць дом”.

Брытанскія палітыкі спрабуюць стрымаць паніку. Сустракаць самалёты з Румыніі і Балгарыі накіраваўся Кіт Ваз, старшыня спецыяльнага камітэта ўнутраных спраў. Ён кажа, што няма ніякіх доказаў таго, што ўсходнееўрапейскія мігранты “выскачылі і набылі квіткі”, як напісалі некаторыя СМІ.

Кіт Ваз: “Размовы з людзьмі паказваюць, што многія з іх прыязджаюць сюды не ў першы раз, яны ўжо тут працуюць і вяртаюцца пасля адпачынкаў”.

Раней некаторыя СМІ прадказвалі штогадовае павелічэнне балгарскай і румынскай прысутнасці ў Брытаніі на 50 тысяч чалавек. У той жа час, Нацыянальны інстытут эканамічных і сацыяльных даследаванняў (NIESR) у 2013 годзе высветліў, што галоўны пункт прызначэння для балгар і румын — зусім не Брытанскія астравы, а Італія і Іспанія.

Фота: dailymail.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі