"Выкананне ўрадам даручэнняў прэзідэнта пагражае паўтарэннем крызісу 2011 года"
Не пазней сярэдзіны кастрычніка, праз два месяцы пасля прызначэння, новапрызначаны прэм’ер-міністр Сяргей Румас павінен прадставіць парламенту “Праграму дзеянняў Савета міністраў”. Што ў гэтай праграме абавязкова павінна быць і ці рызыкне новы прэм’ер ініцыяваць правядзенне эканамічных рэформ?
На думку эканаміста Сяргея Чалага, абысці ўвагай самыя надзённыя праблемы Сяргею Румасу пры напісанні гэтай праграмы не ўдасца.
“Ёсць прыватны сектар, за кошт якога ў нас цяпер эканамічныя паказчыкі і растуць, і ёсць дзяржаўны сектар, які і генерыруе ўсе праблемы ў эканоміцы. Ён генерыруе дрэнныя даўгі і неплацяжы. Усе ўжо выдатна разумеюць, што без рашэння праблемы гэтых дрэнных даўгоў не будзе нічога добрага. Другое — даўгавы крызіс дзяржаўных фінансаў. Нам трэба бліжэйшыя некалькі гадоў аддаваць 3-4 мільярды. Росту эканомікі для гэтага не хапае, а крэдыты браць — толькі адкладваць праблему на больш далёкі тэрмін. Пры тым, што стаўка па кожнай наступнай пазіцыі будзе толькі вышэйшай. Адсюль вынікае неабходнасць рынкавага рашэння гэтых дрэнных даўгоў. А адсюль — гарантыя правоў уласніка і магчымасць адстойвання гэтага права ў гаспадарчых судах. І пераход да прыватызацыі, бо іншага механізму тут проста няма”, — кажа Сяргей Чалы.
Хутчэй за ўсё, кажа эканаміст, новае кіраўніцтва ўраду, паспрабуе данесці да кіраўніка краіны ўсе пералічаныя меры, як неабходныя для ўратавання эканомікі краіны. Але, кажа Чалы, і ад “выканання даручэння па мадэрнізацыі Аршанскага раёна” новаму ўраду не выкруціцца.
“Мой базавы прагноз негатыўны. Я думаю, што, разумеючы палітэканамічныя рэчы, гэты ўрад будзе вымушаны падключыцца, хай сабе і з напружаннем усёй эканомікі, да працэсу “навядзення парадку” хаця б у адным Аршанскім рэгіёне. Нават калі гэта будзе і “пацёмкінскі парадак”. Бо намінальна папярэдні ўрад зляцеў менавіта з-за правалу выканання гэтага даручэння. Адпаведна, колькі б грошай ні было, усе яны там будуць патрачаныя. А ў выніку, я баюся, мы можам атрымаць крызіс, падобны таму — як вынік выканання праграмы 2010 года”, — не выключае Сяргей Чалы.
Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, новы ўрад, хутчэй за ўсё, пратрымаецца да наступных прэзідэнцкіх выбараў, якія паводле графіку, адбудуцца ў 2020 годзе.