Выкладчык ЕГУ: Конкурс вакансій — сродак пазбавіцца ад нязручных
“Спадзяемся, што большасць выкладчыкаў у нас застануцца”, — адказваюць у адміністрацыі ўніверсітэта.
Канфлікт у ЕГУ паміж адміністрацыі і Сенатам давёў да пошуку кадраў: універсітэт шукае 17 супрацоўнікаў. Толькі ў дэпартамент медыя патрэбныя два прафесары, тры дацэнты і тры лектары. У Сенаце ўніверсітэта скардзяцца, што конкурс на вакансіі праходзіць без іх удзелу.
“Конкурс, які праводзіцца адміністрацыяй без удзелу Сената, без удзелу студэнцкай супольнасці пераўтвараецца ў сродак, каб пазбавіцца ад нязручных. Камісію на гэтым конкурсе будзе складаць адміністрацыя. Размова вядзецца пра тое, каб скараціць выкладчыкаў. У мяне цяпер ёсць выбар, удзельнічаць у конкурсе, ці не. Калі я не буду ўдзельнічаць, са мной скасуюць супрацоўніцтва”, — тлумачыць Еўрарадыё выкладчык ЕГУ Максім Жбанкоў.
Ён дадае, што ў конкурсе мусяць узяць удзел усе сённяшнія выкладчыкі. І звольніць іх будзе не складана.
“Сённяшні статус нашых выкладчыкаў, якія працуюць на кароткатэрміновых кантрактах па аказанні паслугаў, робіць нас безабароннымі. Цяпер вакансій няма, але конкурс ужо ёсць. І гэты конкурс праводзіцца насуперак Сенату”, — даводзіць сябра Сената ЕГУ, выкладчык Максім Жбанкоў.
І прыгадвае звальненне старшыні Сената Паўля Церашковіча, якога звольнілі за паўгода да сканчэння кантракта.
Як даведваецца Еўрарадыё, да ўдзелу ў конкурсе вакансій Паўла Церашковіча не запрашалі. І сам ён удзельнічаць не збіраецца.
“У сакавіку, год таму, я быў звольнены з пасады дырэктара Дэпартамента гісторыі. Улетку быў конкурс на гэтую пасаду, і я ў ім браў удзел. Тады пяць асоб дайшло да фіналу, але потым усё вырашыў рэктар. І ў гэтым конкурсе канчатковае рашэнне прымае рэктар, таму для мяне няма сэнсу удзельнічаць у ім”, — кажа Павел Церашковіч.
“Конкурс будзе праходзіць у два этапы: знешні конкурс на 17 пастаянных выкладчыцкіх вакансій. І будзе праводзіцца ўнутраны конкурс на 40 выкладчыцкіх вакансій. Па выніках унутранага конкурсу 40 ставак будуць размеркаваныя паміж больш чым 40 выкладчыкамі”, — тлумачаць у адміністрацыі ЕГУ. Значыць, на 17 вакансій падавацца можа любы, хто падыходзіць пад патрабаванні. А на 40 — сённяшнія выкладчыкі ЕГУ.
Тут дадаюць, што конкурс праводзіцца для выкладчыкаў, якія працуюць цяпер, каб мелі сацыяльныя гарантыі. Але правесці толькі ўнутраны конкурс не могуць па літоўскім заканадаўстве.
“Увядзенне працоўных дамоваў было ініцыятывай выкладчыкаў. Гэтая рэформа замацоўвае працоўныя адносіны паміж выкладчыкамі і універсітэтам, што дае ім больш стабільнасці і сацыяльныя гарантыі. Заканадаўства Літвы не дазваляе нам правесці толькі ўнутраны конкурс на пастаянныя выкладчыцкія пасады. Спадзяемся, што большасць нашых цяперашніх выкладчыкаў застанецца ў нас ”, — расказваюць у адміністрацыі гэтай ВНУ.
Канфлікт паміж Сенатам ЕГУ і адміністрацыяй універсітэта пачаўся восенню 2013-га. Выкладчыкі выказваюцца супраць рэформ, якія праводзіць рэктар Анатоль Міхайлаў. Адным з лідараў акадэмінчай апазіцыі ў ЕГУ быў звольнены Павел Церашковіч.
Фота: ehu.lt