Выпускнікам школ больш не давядзецца здаваць іспыт па замежнай мове
Мінадукацыі змяніла колькасць іспытаў для выпускнікоў школ 2023 года. Дзевяцікласнікам давядзецца здаваць чатыры іспыты (замест ранейшых трох), а 11-класнікаў — два (раней былі чатыры). Адпаведныя змены прапісаныя ў інструктыўна-метадычным лісце, размешчаным на сайце Нацыянальнага адукацыйнага партала.
Пасля 9 класаў вучням трэба будзе здаць іспыты па наступных прадметах:
беларуская мова (пераказ),
руская мова (пераказ),
матэматыка (пісьмовая работа),
гісторыя Беларусі (білет).
Раней гісторыю Беларусі здавалі пасля 11-га класа.
Выпускнікам школ давядзецца здаць толькі два іспыты: цэнтралізаваны іспыт па беларускай ці рускай мове (на выбар) і цэнтралізаваны іспыт па матэматыцы.
Раней іх чакалі іспыты па беларускай ці рускай мове (на выбар), матэматыцы, замежнай мове і гісторыі Беларусі. Такім чынам, іспыт па замежнай мове, які існаваў з 2013 года, школьнікам здаваць больш не давядзецца.
Дарэчы, у дзевяцікласнікаў з 1 верасня ўводзіцца навучальны модуль "Вялікая Айчынная вайна". Ён звязаны з тым, што ім давядзецца здаваць іспыт па гісторыі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.