Вытворчасць ровараў па-беларуску: купляем у Кітаі, прадаём у Расію

Завод "Мотавела" / sb.by
Завод "Мотавела" / sb.by

Завод "Мотавела" — гэта, вядома, брэнд Беларусі, але... Паводле звестак Белстата, толькі з 2018 года наша краіна імпартавала 1 млн ровараў. 764 тысячы з іх — кітайскія.

Пры гэтым Беларусь — не самая роварная нацыя, ва ўсякім разе пакуль. Тады навошта столькі ровараў? Аказваецца, за той жа самы час Беларусь... экспартавала 767 тысяч ровараў. З іх 704 тысячы — у Расію.

Купляем-прадаём

Пра тое, што беларускія ровары — не зусім беларускія, падчас наведвання завода "Мотавела" прагаварыўся Аляксандр Лукашэнка. Ён даручыў чыноўнікам стварыць "умовы для максімальнай лакалізацыі". А то "слухайце, мы цягаем з Кітая камплектуючыя, збіраем іх тут. Гэта ж велізарныя грошы, велізарныя выдаткі, іх жа трэба адтуль прывезці, а потым на той рынак павезці гатовы ровар. Таму мы павінны па максімуме рабіць тут".

У Кітаі купляем, у Расію прадаём. Парадак лічбаў дзіўна супадае. Напрыклад, паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2020 годзе ў Кітаі закупілі 206 867 ровараў. У Расію ў той жа год прадалі 206 295 ровараў. Не-не, мы не сцвярджаем, што ўсе кітайскія ровары пайшлі наўпрост у Расію. Але падумайце самі: розніца паміж лічбамі — менш за 600 ровараў.

Цэнавае пытанне

Усходні сусед — асноўны пакупнік двухколавага транспарту з Беларусі. Але пра ўрбаністычны бум у расійскіх гарадах быццам бы таксама не чуваць. Дый цэны, па якіх Беларусь купляе і прадае ровары, выклікаюць пытанні.

Апошнія тры гады Беларусь закупляла ў Кітаі ровары па сярэдняй цане 40–45 долараў за штуку. Ва Украіну (другі па велічыні пакупнік велатранспарту з Беларусі) ровары прадаюцца па цане 64–70 долараў. У ЕС — яшчэ даражэй. Але ў Расію "наш" двухколавы транспарт ідзе па сярэдняй цане ад 14 да 18 долараў. Стратны гандаль?

Вось розніца паміж купляй ровараў з Кітая і продажам іх у Расію, пра якую можна зрабіць выснову з афіцыйнай статыстыкі:

2018 год — мінус $6,6 млн;

2019 год — мінус $8,2 млн;

2020 год — мінус $7,9 млн.

 

Затое сотні тысяч ровараў прадаём!

Производство велосипедов по-белорусски: покупаем в Китае, продаём в Россию

І паралельна купляем, але ўжо даражэй! За апошнія тры гады Беларусь закупіла ў Расіі 223 тысячы ровараў з сярэдняй цаной у 80–89 долараў. Магчыма, у Расію ідуць танныя ровары з кітайскіх запчастак, сабраныя на "Мотавела", а назад — імпарт, якім гандлююць у прыватных крамах.

І нават не паляцца

Ацанілі парадак лічбаў? А цяпер яшчэ адна, дзіўная: па звестках Белстата, сукупная вытворчасць ровараў у Беларусі — каля 67 тысяч у год.

Производство велосипедов по-белорусски: покупаем в Китае, продаём в Россию

Цудоўны від на могілкі

Незалежны аналітык Сяргей Чалы ў эфіры "Чалый Live" пракаментаваў сітуацыю з "Мотавела":

"Трэба ўважліва слухаць нарады, якія там адбываюцца. Такое адчуванне, што асноўны прадукт, які вырабляе наша эканоміка і палітыка, — гэта вытворчасць "кажымасці" [ад руск. "казаться". — Рэд.]. Давайце рабіць выгляд, што ў нас ёсць велізарны эканамічны і навуковы патэнцыял, які здольны вырабляць усе, за выключэннем асобных дэталяў.

Калі прыбраць вось гэту наносную пену і надзіманне шчок, то галоўнае пытанне было: вось у нас жа ёсць карпусы, занадта вялікія для цяперашняй вытворчасці, давайце падумаем, што можна зрабіць з гэтымі пляцоўкамі. "Толькі не будуйце там жыллё", — кажа Лукашэнка. Яны ўжо цяпер глядзяць на гэта як на могілкі, якія трэба чымсьці забудаваць — што "Гарызонт", што "Мотавела", — і даўно ўжо".

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы "Мотавела" 5 сакавіка, ускосна пацвердзіў тэзісы Сяргея Чалага: на месцы Мотавелазавода вырашылі зрабіць "Мінскі гарадскі тэхнапарк":

"У цэнтры горада мы захаваем гэту пляцоўку як вытворчую, але чыстую. Тут не будзе ні ліцця, ніякіх нафтапрадуктаў, гэта будзе чыстая пляцоўка. І другая асаблівасць гэтай пляцоўкі тэхнапарка будзе заключацца ў тым, што гэта будзе выключна вытворчасць".

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі