"Я нават не ўпэўненая, ці жывы ён" — Святлана Ціханоўская пра мужа

Святлана Ціханоўская на адкрыцці выставы "Галасы з турмы"

Святлана Ціханоўская на адкрыцці выставы "Галасы з турмы" / офіс лідаркі дэмсіл

У штаб-кватэры Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (дыпламатычная служба Еўрасаюза) адкрылася выстава "Галасы з турмы: мастацтва як супраціў". На адкрыцці выступіла лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская.

У экспазіцыі можна пабачыць малюнкі і рукапісныя лісты беларускіх палітвязняў. Ёсць сярод экспанатаў і адбітак рук блогера і палітыка Сяргея Ціханоўскага. Ён дасылаў гэты адбітак у лісце родным.

У сваім выступе на адкрыцці выставы Святлана Ціханоўская прызналася, што не ўпэўненая ў тым, што яе муж жывы.

"Для мяне вельмі кранальна бачыць тут рукі майго мужа. Гэта не перадаць словамі. Ведаеце, ён адпраўляў лісты з гэтымі рукамі да таго, як яго пазбавілі сувязі са знешнім светам. Я не атрымлівала вестак ад мужа ўжо больш 600 дзён. І я нават не ўпэўненая, ці жывы ён", — цытуе яе словы "Зеркало".

Таксама на выставе былі графічныя работы і лісты Ігара Лосіка, Сцяпана Латыпава, Марыі Калеснікавай, Андрэя Пачобута, Марфы Рабковай ды іншых беларускіх палітвязняў.

Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі з траўня 2020 года. Яго асудзілі на 15 гадоў і 9 месяцаў. Ужо больш за 600 дзён палітвязня трымаюць у рэжыме інкамунікада — ад яго не прыходзяць лісты, з ім не можа пабачыцца нават адвакат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі