На мінскім канцэрце :B:N: сталі хорам (фотарэпартаж)

Бярозаўска-мінская фармацыя :B:N: ладзіць жывую прэзентацыю свайго новага дабл-сінгла “Палюсы/ Вяртанне” на вялікім канцэрце ў сталічным клубе Re:Public. Апроч таго, канцэрт становіцца першым сольнікам з моманту частковай змены складу гурта. Былы гітарыст каманды Макс Літвінец упершыню прысутнічае на канцэрце з іншага боку сцэны. Музыка шчыра ўражаны атмасферай і драйвам, які стварае :B:N:. Макс пускаецца ў слэм разам з фэнамі, і нават атрымоўвае два разы па носе.


Гучаць хіты і цалкам новыя трэкі. Знакамітая "Не трывай" паўстае ў акустычным варыянце — тым самым, які гурт прыдумаў для акустычнага альбома. Публіка бушуе — відавочна, што :B:N: чакаюць.


На "біс" гурт выконвае "Вяртанне" — сінгл, нядаўна прэзентаваны на Еўрарадыё. Алесь Лютыч запрашае некалькіх дзяўчат з залы на бэкі. Але ў выніку на сцэне апынаецца ледзьве не ўвесь танцпол. "Такая энергетыка была, што гітара мая незвычайна неяк вібрыравала, і мне падавалася, што можна узляцець", — смяецца Алесь.


Пасля канцэрту лідар :B:N: выглядае абсалютна шчаслівым і задаволеным. "Было нерэальна крута, — дзеліцца ўражаннямі музыка. — Даўненька так не адрываліся!" І пачынае раздаваць аўтографы. На гэта ў Лютыча сыходзяць добрыя паўгадзіны. Да размовы падключаецца бубнач гурта Зміцер Харытановіч. Ён мяркуе, што сённяшні выступ вельмі спелы і дарослы, і што ён сведчыць пераход каманды на новы ўзровень.


Дарэчы, цяпер :B:N: актыўна пішуць новы матэрыял, які мае скласці чарговую пласцінку каманды. Ёсць верагоднасць, што яна будзе выдадзеная бліжэй да лета — тады :B:N: збіраюцца святкаваць 15-гадовы юбілей.


На разагрэве ў :B:N: выступіў магілёўскі гурт NIZKIZ, які падзяліўся з публікай першай у сваім рэпертуары беларускамоўнай песняй пра Гуантанама. Глядзім фота з угарнага канцэрта.



 

NIZKIZ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі