Як Еўрарадыё разам з валанцёрамі шукала мінскага жывадзёра (фота)

На пошукі мінскага жывадзёра, які жорстка забіў дваіх жывёл і скалечыў яшчэ восем, выпраўляемся упоцемку — пасля дзявятай гадзіны вечара. Патруляваць едзем учацвярых: разам са мной тры валанцёры — дзяўчына і два хлопцы. Па дарозе інструктаж — што рабіць, калі зловім злодзея.

“Траўмы ў жывёл кажуць аб тым, што ў гэтага чалавека ёсць як мінімум ножык, рыдлёўка ці сякера. Таму мы рэкамендуем не ўлазіць у адкрыты канфлікт. Калі нехта заўважае падазроную асобу — рэкамендуем карыстацца тэлефонам 102”, — перасцерагае валанцёр Сяргей, мужчына гадоў трыццаці.

Кіруемся ў Серабранку, у двор, дзе знайшлі перадапошнюю ахвяру вандала — ката з адрэзанымі лапамі.

Дзелімся на групы па два чалавекі і блукаем па дварах у пошуках падазроных. Адразу на вочы трапляецца дваровы кот, які спакойна гуляе каля дому.

Праз паўтары гадзіны блукання чуем у адным з завулкаў мяўканне. Падыходзім бліжэй і бачым пародзістага белага ката без пярэдняй лапы. Пакуль спрабуем яго разглядзець — выходзіць мясцовы жыхар.

“Я гляджу, што вы за жывёлай ходзіце, чуў, што тут нейкі вандал аб’явіўся, вось, выйшаў. Чытаў пра гэта. Жах, канешне”, — канстатуе хлопец, пакуль мы аглядаем ката.

“Лапы сапраўды няма, але гэта даўно, там ужо поўсць вырасла. Дый людзей ён не баіцца”, — валанцёры вырашаюць, што кот пацярпеў не ад вандала і мае гаспадароў, бо чысты і сам ідзе на кантакт з людзьмі. “Перапужаліся мы, канешне, думалі ад маньяка пацярпеў!” — прамаўляе валанцёр Сяргей.

Пакуль мясцовы жыхар частуе ката каўбасой, рушым далей. Наступнымі патрулюем двары ў раёне праспекта Ракасоўскага. Тут знайшлі ката з адрэзаным хвастом.

Раён цёмны і ціхі, каля многіх пад’ездаў наўпрост няма святла: лаві сабе жывёлу — ніхто не заўважыць. Але на вочы нам трапляюцца хіба кампаніі маладзёнаў ці абарыгены з гадаванцамі.

“Мы чулі пра маньяка, але чаго баяцца. Калі б людзі ведалі — здалі б яго, можна ж тысячу зарабіць!” — нагадваюць пра ўзнагароду за злодзея два хлопцы, якія гуляюць з сабачкам Тэдзі і дзівяцца нашаму патрулю.

Дзве з паловай гадзіны блуканняў, дзясяткі цёмных двароў і падваротняў — але нават намёку на жывадзёра няма. Аднак патрулі ладзяцца штодзень, расказвае валанцёр Сяргей ужо па дарозе да дому:

“Людзі выклікаюцца дапамагчы. У асноўным маладыя людзі, студэнты, у якіх больш часу. У асноўным яны прыходзяць праз сацсеткі, са СМІ таксама шмат хто даведаўся. Мы зараз стварылі call-цэнтр, але ён працуе толькі з 14:00”.

Звязваюцца з валанцёрамі і міліцыянты, якія цяпер праводзяць праверку, даведваюцца інфармацыю, даводзіць Сяргей. А таксама хутка да патрулявання далучыцца пошукава-выратавальны атрад.

Калі жывадзёр так абыходзіцца з жывёламі, то можа перайсці на людзей, папярэджвае прафесар кафедры псіхіятрыі з медыцынскай псіхалогіяй Медыцынскага ўніверсітэта Алена Скугарэўская:

“Гэта можа праявіцца з падлеткавага ўзросту, а потым расквітнець. Гэта, звычайна, анамальныя асобы, паталогія асобы. Дэзадаптаваныя асобы ў грамадстве, у асабістым жыцці схільныя да такіх дзеянняў. Што кіруе такім чалавекам? Гэта можа быць псіхічна хворы з непрытомна-галюцынаторнымі перажываннямі. Яму можа голас казаць: зрабі тое, гэтае, і ён будзе выконваць. Гэты чалавек мог перажыць вострыя захворванні мозгу”, — тлумачыць прафесар.

На рахунку мінскага жывадзёра ўжо 10 ахвяраў. З кожным разам ён абыходзіўся да жывёлы ўсё больш жорстка: апошняя ахвяра — сабака, з якога знялі скуру. За інфармацыю аб ім неабыякавыя людзі ўжо паабяцалі тысячу долараў. Гісторыя з вандалам атрымала шырокі розгалас, а ахвяраў жывадзёраў знайшлі таксама ў Гомелі. Відаць, з’явіліся паслядоўнікі.

Бязногі кот, якога сустрэлі ў Серабранцы, але не ахвяра вандала

На такім сметніку жывёлам будзе што пашукаць

А так выглядае ахвяра вандала, якой адрэзалі хвост(фота - з архіву валанцёраў)

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі