Як пераводзіць грошы паміж Беларуссю і Польшчай — тлумачаць банкі

Разбіраемся, як пераводзіць грошы паміж Беларуссю і Польшчай / rubanau_collage
Надзейным і актуальным каналам камунікацыі паміж беларусамі на радзіме і ў замежжы застаюцца не толькі рэгулярныя сазвоны і перапіскі ў мэсэнджарах. Ёсць яшчэ грашовыя пераводы.
На падарункі. На лекі. На аплату кватэры і камунальных паслуг. Фінансавая падтрымка (пакуль што) без вялікіх цяжкасцяў пераадольвае межы, абнесеныя плотам і патруляваныя салдатамі.
Але на якіх умовах працуюць пераводы паміж Польшчай і Беларуссю? Журналіст Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі даведаўся ў найбуйнейшых польскіх і беларускіх банках, што трэба ведаць пра гэты працэс.
З Беларусі ў Польшчу перавесці грошы складана, але можна
Перад апытаннем выдумляю сабе простую легенду — мне як грамадзяніну Беларусі ці замежніку з польскім ВНЖ трэба тэрмінова адправіць сваім сваякам 5000 еўра. Што мне пра гэта варта ведаць і што рабіць, акрамя атрымання банкаўскага рахунку ў Польшчы?
Спачатку звяртаюся да беларускіх фінансавых устаноў: “Беларусбанка”, “Банка ВТБ”, “Прыёрбанка”, “Белаграпрамбанка” і “Сбер Банка”.

Пачнём з непрыемных навін: “Банк ВТБ” і беларускі “Сбер” не робяць пераводаў у Польшчу. Магчыма, праз тое, што яны належаць расійскаму бізнесу, на які накладзеныя санкцыі праз вайну ва Украіне.
Затое ў найвялікшага банка краіны, “Беларусбанка”, які таксама трапіў пад санкцыі, з замежнымі пераводамі праблемаў не ўзнікла, з сістэмай SWIFT яны таксама працуюць.
Менеджар кампаніі толькі папярэдзіў, што транзакцыі ў еўра адбываюцца пасля “папярэдняга аналізу работнікамі банка рэквізітаў пераводу на прадмет магчымасці яго ажыццяўлення”.
Калі пытанняў няма, для грашовага пераводу трэба будзе скласці плацёжнае даручэнне і паказаць пашпарт. Паслуга будзе каштаваць 2% ад сумы ў пераліку на беларускія рублі па курсе Нацбанка. Мінімальны парог — 100 рублёў.
Падсанкцыйнаму “Белаграпрамбанку” пашанцавала не так, як “Беларусбанку”: у іх SWIFT з сакавіка 2022 года адключаны. Тым не менш замежныя пераводы ўсё яшчэ магчымыя.
Для пераводу грошай у Польшчу ці іншую краіну неабходна паказаць дамову альбо дакумент, абгрунтоўваючы ажыццяўленне плацяжу і інфармацыю пра атрымальніка (сутнасць плацяжу, інфармацыя пра бенефіцыяра, яго банкаўскія рэквізіты і г.д.), а таксама пашпарт.

Камісія за перавод складзе 0,1% от сумы, мінімум — 15 долараў, максімум — 150 долараў. Дадатковыя паслугі таксама каштуюць грошай, напрыклад, за афармленне плацёжнага даручэння.
У “Прыёрбанку” замежныя пераводы прапанавалі ажыццявіць двума спосабамі: па нумары карткі і праз сістэму SWIFT.
У Польшчу пераводы ажыццяўляюцца толькі ў еўра і толькі ў найбуйнейшы польскі дзяржаўны банк — PKO Bank Polski. Мінімальная сума пераводу — 3000 рублёў (у эквіваленце). Камісія за адпраўку ў еўра — 0,8%, але пры гэтым можна даслаць не менш за 200 і не больш за 2500 рублёў у валютным эквіваленце. Грошы залічваюцца на рахунак цягам 7–10 рабочых дзён.
Перавесці грошы з Польшчы ў Беларусь — яшчэ той чэлендж
Калі з пэўных беларускіх банкаў грошы ў Польшчу яшчэ можа даслаць, то з польскіх у Беларусь так проста ўжо не атрымаецца.
У найвялікшай у краіне фінансавай арганізацыі PKO Bank Polski паведамілі, што ў сувязі з санкцыямі “былі заблакаваныя плацяжы ва ўсіх валютах у расійскія, беларускія і ўкраінскія банкі”. Поўны спіс банкаў, з якімі PKO працуе, можна знайсці на яго сайце.

Як патлумачыў менеджар кампаніі, правядзенне плацяжоў у іншыя расійскія, беларускія і ўкраінскія банкі можа быць ускладненае праз дадатковыя кантрольныя механізмы ці адмову ў транзакцыі з боку банкаў-пасярэднікаў альбо замежных рэгулятараў.
Гісторыя паўтарылася з супрацоўнікам банка Santander — мяне спыталі, ці не з’яўляецца банк-прымальнік пераводу падсанкцыйным, і папярэдзілі, што яны могуць папрасіць дадатковыя звесткі або дакументы, каб пераканацца, што перавод не парушае санкцыйных абмежаванняў, а таксама законаў пра супрацьдзеянне адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму.
Тып неабходных дакументаў пры гэтым можа адрознівацца ў залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі.
У банку ING Bank Śląski, польскім філіяле нідэрландскай группы ING, адмовілі ў паслузе — пераводы ў Беларусь і з Беларусі не будуць выкананыя.
Магчымы варыянт — mBank, набуйнейшы лічбавы банк Польшчы. Там адказалі, што міжнародны перавод у Беларусь магчымы, а камісія складзе 0,35% ад сумы пераводу (мінімум 25 злотых, максімум 200 злотых).
Карыстальнік банка можа самастойна зрабіць перавод праз інтэрнэт. Дадатковыя дакументы пры гэтым не патрабуюцца.

Акрамя банкаў можна скарыстацца некалькімі сэрвісамі, якія прапануюць іншыя спосабы грашовых пераводаў. Раім захаваць гэты спіс, бо так пераводзіць грошы паміж Польшчай і Беларуссю дастаткова проста!
KoronaPay прапануе анлайн-пераводы з Польшчы ў Беларусь без камісіі, калі валюта адпраўлення адрозніваецца ад валюты атрымання. Напрыклад, калі аплата адбываецца ў польскіх злотых, а атрымальнік атрымліве грошы ў еўра, камісія не спаганяецца. Падчас пераводу ў адной валюце, напрыклад, з еўра на еўра, камісія складае 0,9%. Грошы можна атрымаць наяўнымі ў адным з больш чым 50 000 пунктаў выдачы або пакласці на картку Visa, Mastercard ці Maestro.
Яшчэ ёсць Paysend, які дазваляе пераводзіць грошы з Польшчы ў Беларусь на карткі Visa і Mastercard з фіксаванай камісіяй 4,9 злотага. Пераводы на банкаўскія рахункі ажыццяўляюцца без камісіі.
Актуальны абменны курс складае 1 рубель — 1,2170 злотага, але ён можа змяняцца, таму лепей правяраць курс перад пераводам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.