Як праходзіла першае пасяджэнне “апазіцыйнага” Сената ЕГУ

Пасяджэнне новага Сената Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта праходзіць 17 снежня. “Сенатар-апазіцыянер” Максім Жбанкоў расказвае, што рэктар наведаў Сенат збольшага фармальна.

“Ён спазніўся, прыйшоў са спазненнем на 40 хвілін разам з прадстаўнікамі кіраўнічай рады. І сышоў разам з імі, не дачакаўшыся вынікаў. У галасаванні таксама не ўдзельнічаў. Увогуле паводзіў сябе вельмі стрымана, сеў у задні шэраг і яго там было не бачна і не чутна”.

Лёгкі скандал, альбо крызіс, як называюць сітуацыю ўнутры ЕГУ, ва ўніверсітэце пачынаецца некалькі месяцаў таму. Рэктар Анатоль Міхайлаў заяўляе пра намер праводзіць “міжнародны конкурс” на пасаду выкладчыкаў. І ўвогуле прапаноўвае ім стала жыць у Вільні. Для большасці выкладчыкаў-беларусаў, якія працуюць у Літве вахтавым метадам, гэта непрымальна. У выніку на апошніх выбарах у Сенат перамагае апазіцыйная Міхайлаву група “За новы ЕГУ”. На першым жа пасяджэнні прымаецца рашэнне вынесці на шырокае абмеркаванне змены ў Статуце, якія могуць прывесці да скарачэння паўнамоцтваў Сената. А таксама абмеркаваць ідэю правядзення міжнароднага конкурсу выкладчыкаў і разгледзець правамоцнасць так званага кодэкса паводзінаў, які фактычна забараняе супрацоўнікам ЕГУ публічна абмяркоўваць унутраныя праблемы.

Для вырашэння ўсяго гэтага Сенат пастанавіў стварыць экспертныя камісіі. Пытанне, ці будзе іх праца мець нейкі вынік. Сакратар Сената, дацэнт Андрэй Лаўрухін гаворыць, што шмат чаго будзе залежаць ад добрай волі  адміністрацыі ўніверсітэта.

“Экспертызу зрабіць — гэта няцяжка. Гэтаму ніхто не будзе перашкаджаць, у нас хапае кампетэнтных людзей. Пытанне, наколькі кіраўніцтва ЕГУ будзе гатовае прыняць рашэнне на падставе праведзеных экспертыз”.

Турбуе Сенат ЕГУ не толькі ўнясенне зменаў у Статут універсітэта і конкурс на выкладчыцкія пазіцыі. Ад нядаўняга часу ў навучальнай установе з’явіўся своеасаблівы крызісны менеджар — правост Дэвід Полік. Максім Жбанкоў гаворыць, што прызначэнне гэтага чалавека таксама не абмяркоўвалася з выкладчыкамі і акадэмічнай супольнасцю ЕГУ. Таму варта было б яго перагледзець.

Пакуль жа пачынаюць працу камісіі, створаныя Сенатам для экспертызы праблемных пытанняў. Спадар Лаўрухін гаворыць, што прадстаўнікі адміністрацыі зацікавіліся супрацоўніцтвам як мінімум з адной з іх — камісіяй па конкурсе на выкладчыцкія пазіцыі. На думку сакратара Сената Лаўрухіна, менавіта ўдзел адміністрацыі ў працы камісій стане індыкатарам гатоўнасці супрацоўніцтва.

“Камісіі будуць працаваць незалежна ад таго, хто туды ўвойдзе альбо не ўвойдзе. І акурат гэта будзе маркерам таго, наколькі адміністрацыя па тым альбо іншым пытанні гатовая супрацоўнічаць з сенатарамі”.

Афіцыйнай рэакцыі адміністрацыі ЕГУ на падзеі пакуль няма. Калі меркаваць па фармальнай прысутнасці рэктара Міхайлава на пасяджэнні Сената, універсітэцкія ўлады абралі назіральную стратэгію.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі