Як сусветныя лідары ішлі да перамоваў у Мінску (хроніка падзей)
11 лютага ў беларускай сталіцы збяруцца Ангела Меркель, Франсуа Аланд, Пётр Парашэнка і Уладзімір Пуцін.
У сераду, 11 лютага, у беларускай сталіцы пройдзе сустрэча ў "нармандскім фармаце". Сітуацыю на Данбасе будуць абмяркоўваць канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Верагодна мерапрыемства пройдзе ў Палацы Незалежнасці, час яго пачатку пакуль невядомы. Чакаецца, што лідараў Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі будзе асабіста сустракаць Аляксандр Лукашэнка.
Хто з сусветных лідараў наведваў Беларусь і навошта (фота)
На перамовах будзе абмяркоўвацца стварэнне дэмілітарызаванай зоны на Данбасе. Асновай для будучых дамоўленасцяў могуць стаць мінскія пагадненні, якія былі дасягнутыя трохбаковай кантактнай групай у верасні 2014-га. Праўда, спынення агню на Данбасе не адбылося, больш таго, баявыя дзеянні ў апошнія дні актывізаваліся. У аўторак баевікі абстралялі з артылерыі горад Краматорск у Данецкай вобласці, які кантралююць украінскія войскі. Загінулі 15 чалавек, параненыя 63, сярод іх 5 дзяцей. Паводле розных падлікаў, падчас баявых дзеянняў на Данбасе з вясны 2014-га загінулі ад 5 да 50 тысяч чалавек.
Як усё пачыналася
5 лютага ў Кіеў раптоўна прыляцелі канцлер Нямеччыны і прэзідэнт Францыі. Яны правялі перамовы за зачыненымі дзвярыма з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Была ўзгоднена пазіцыя па мірным вырашэнні сітуацыі на Данбасе перад паездкай у Маскву.
6 лютага ў расійскай сталіцы таксама за зачыненымі дзвярыма адбыліся перамовы Ангелы Меркель, Франсуа Аланда і Уладзіміра Пуціна. Ніякіх заяваў для прэсы не было. На наступны дзень з'явілася неафіцыйная інфармацыя пра ўльтыматум, які, нібыта, выставіла Пуціну Меркель. Расійскі бок гэта абверг.
У нядзелю, 8 лютага, кіраўнікі Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі правялі тэлефонную канферэнцыю па "ўкраінскім пытанні". Стала вядома, што 11 лютага ў Мінску можа прайсці сустрэча Меркель, Аланда, Парашэнкі і Пуціна ў "Нармандскім фармаце". Аляксандр Лукашэнка ў той час знаходзіўся ў Сочы і даведаўся пра запланаванае мерапрыемства ад прэзідэнта Украіны, які яму патэлефанаваў. Пасля Лукашэнку пра гэта распавёў падчас сустрэчы і Пуцін. Кіраўнік Беларусі паабяцаў зрабіць усё неабходнае для арганізацыі мерапрыемства.
Чаму перамовы 11 лютага ў Мінску называюць "Нармандскім фарматам"
У панядзелак у Берліне прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расіі правялі кансультацыі. Яны працягваліся 8 гадзінаў і далі "некаторыя вынікі". Ангела Меркель наведала ЗША, дзе правяла перамовы з прэзідэнтам Баракам Абамай, які ў чарговы раз заявіў, што Злучаныя Штаты вывучаюць магчымасці паставак ва Украіну абарончых узбраенняў.
Менавіта Абама ўвечары 10 лютага патэлефанаваў Пуціну. Прэзідэнт ЗША сказаў прэзідэнту Расіі, што калі расійская агрэсія на Данбасе працягнецца, "цана для Расіі павысіцца". Абама адзначыў, што расійскі бок пастаўляе ў гэты рэгіён зброю, салдат, фінансуе гэтыя аперацыі, інфармуе прэс-служба Белага дома.
У аўторак, 10 лютага, адбылася тэлефонная размова Барака Абамы і з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Абама выказаў спачуванні з нагоды гібелі ўкраінскіх грамадзян у Краматорску (пасля абстрэлу баевікоў загінулі 15 чалавек). Прэзідэнты дамовіліся пра каардынацыю крокаў пасля мінскіх перамоваў. Барак Абама паабяцаў, што ЗША будзе падтрымліваць Украіну ў справе атрымання ёй фінансавай дапамогі ад міжнародных партнёраў і міжнародных фінансавых арганізацый для правядзення неабходных рэформаў.
Эксперт: На перамовах у Мінску 11 лютага будзе прарыў
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд атрымалі афіцыйнае ўпаўнаважанне ЕС для правядзення перамоваў у справе ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе ў "Нармандскім фармаце". Пра гэта 10 лютага заявіла кіраўніца дыпламатыі Еўрасаюза Федэрыка Магерыні. Як адзначае "Еўрапейская праўда", Магерыні не бачыць праблемы ў тым, што ЕС пакуль не прымае прамога ўдзелу ў гэтых перамовах. Паводле яе слоў, роля Еўрасаюза заключаецца ў дыпламатычнай падтрымцы высілкаў Меркель і Аланда.
Аляксандр Рар: Па выніках мінскай сустрэчы на Данбасе можа з'явіцца "трэцяя сіла"
10 лютага ў Мінску прайшло паседжанне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР". Была ўзгодненая схема адводу цяжкага ўзбраення, была дасягнутая дамова пра рэжым спынення агню і пра кантроль за яго выкананнем. Паседжанне можа працягнуцца ў сераду раніцай.
Фота: AFP, ria.ru, Reuters, president.gov.by