Як у Мінску сустракалі Мікалая Статкевіча (фота)

Позна ўвечары 22 жніўня на мінскім аўтавакзале "Усходні" больш за сотню чалавек сустракалі ўжо былога палітвязня Мікалая Статкевіча. Ён, як і яшчэ пяць палітычных зняволеных, быў памілаваны кіраўніком дзяржавы і выйшаў з магілёўскай турмы. У зняволенні Статкевіч знаходзіўся са снежня 2010-га. У 2011 годзе яго асудзілі на 6 гадоў зняволення "за арганізацыю масавых беспарадкаў".

На "Усходнім" было шмат журналістаў, у тым ліку прадстаўнікі расійскіх тэлеканалаў. Там была жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, яго сябры і паплечнікі, шматлікія актывісты. Над натоўпам лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Маршрутка з Магілёва са Статкевічам з'явілася са спазненнем. "Жыве Беларусь!" — крыкнуў ён. Былы палітвязень падзякаваў усім за падтрымку ды падкрэсліў: ён не пісаў прашэння аб памілаванні. "Герой!" — скандаваў натоўп.

Статкевіч: Здолеў бы зрабіць выбары нелегітымнымі, але мяне выгналі з турмы

"І далей буду працягваць рабіць тое, што рабіў: працаваць дзеля вольнай Беларусі", — сказаў Мікола Статкевіч пра свае планы. Але ў бліжэйшыя дні сустрэнецца з роднымі. Пасля ж ён збіраецца сустракацца з кіраўнікамі апазіцыйных арганізацый. "Сітуацыя патавая. Няма ніякай стратэгіі", — сказаў Статкевіч. Таксама ён заявіў, што не збіраецца з'язджаць з Беларусі.

Мікола Статкевіч сказаў журналістам, што не чакаў, што Лукашэнка вызваліць яго да выбараў. Але, відаць, "у краіне няма грошай", адзначыў ён.


Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі