Як Улада К., які прыйшоў у гандлёвы цэнтр з бензапілой, адлічылі яшчэ да сесіі

Як Улада К., які прыйшоў у гандлёвы цэнтр з бензапілой, адлічылі яшчэ да сесіі

У аўторак, 11 кастрычніка, у міжнародны ўніверсітэт МІТСО прывялі няпоўнагадовага Улада К., якога затрымалі па падазрэнні ў забойстве жанчыны ў ГЦ “Еўропа”.

Затрыманага вадзілі па тэрыторыі ВНУ з папяровым макетам сякеры.

“Следчы камітэт праверыў паказанні мінчаніна з бензапілой у гандлёвым цэнтры і ўніверсітэце”, — каротка тлумачаць ў Следчым камітэце.

Гутарым з шэрагам першакурснікаў МІТСО, але ніхто не чуў пра тое, што да паходу  ў ГЦ “Еўропа” Улад К. збіраўся зрабіць нешта падобнае ва ўніверсітэце.

Улада К. выключылі з навучальнай установы яшчэ да трагічных падзей суботы, калі ён прыйшоў з бензапілой і сякерай у гандлёвы цэнтр “Еўропа”.

“За першы месяц навучання першакурснік без паважлівай прычыны прапусціў 78 гадзін — амаль палову. Мы спрабавалі звязацца з хлопцам, з яго бацькамі, але на кантакт яны не ішлі. У выніку 3 кастрычніка хлопца адлічылі. Але паведамляць яму па тэлефоне не сталі, спрабавалі зрабіць гэта асабіста”, — паведамляе Станіслаў Князеў прычыны адлічэння Улада К. у інтэрв’ю "СБ: Беларусь сегодня".

Але ці мела права адміністрацыя ВНУ адлічыць першакурсніка да першай сесіі, на падставе прагулаў? Такім пытаннем задаюцца карыстальнікі сацсетак. Можа, якраз трагедыя і паўплывала на тэрміновае адлічэнне? Праверым факты.

“Пропускі з непаважлівай прычыны цягам 30 дзён вядуць да адлічэння. Гэта вырашае кіраўнік ВНУ. Няважна, адразу ці па чарзе ён прапускаў. Гэта прапісана ва ўсіх дамовах. Бацькам паведамляць неабавязкова. Калі студэнт хварэў і прынёс даведку, а яго адлічылі, то яго лёгка ўзновяць”, — так працэдуру адлічэння яшчэ да першай сесіі апісваюць у Магілёўскім універсітэце Куляшова.

Адлічаць за прагулы цягам месяца могуць, гэта прапісана ў Кодэксе аб адукацыі, на які адразу спасылаюцца ў Мінадукацыі.

Чытаем Кодэкс: выключыць студэнта могуць у выпадку, “доўгай адсутнасці (больш за 30 дзён) без паважлівых прычын на вучэбных занятках цягам года”.

То бок калі студэнт прагульвае 30 дзён яшчэ да першай сесіі, яго могуць выгнаць на падставе заканадаўства. Але на практыцы такое здараецца рэдка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі