Як выпускнікі адкасілі ад размеркавання

Выпускніца БДУ Даша па размеркаванні мусіла ехаць у Мядзел, працаваць фатографам у мясцовай газеце. Але замест працы ў раёнцы дзяўчына мае вольны дыплом.

“Я пачытала закон, пагаварыла з юрыстам. На размеркаванні мне далі спіс, з якога я магу абраць, куды ехаць. Там не было ніводнага месца ў Мінску, а я прапісаная тут. Па законе тыя пары, якія ажаніліся, іх нельга разбіваць. Яшчэ важная ўмова, каб другая палова пражывала ў Мінску, таксама”, — тлумачыць цяпер ужо замужняя Даша.

Штампік у пашпарце, як варыянт. Але калі жонкі ці мужа няма, а праца па размеркаванні не падабаецца, можна дамовіцца з працадаўцамі.

Канстанцін пасля полацкага гістфака едзе працаваць выхавацелем у дзіцячы аздараўляльны цэнтр “Зубронак”. Але менш чым праз месяц яго адпускаюць.

“Я з самага пачатку паразмаўляў з дырэктаркай і даў знаць, што негатыўна стаўлюся да гэтай працы. Доўга размаўлялі. Яна сказала, што калі знайду іншае месца працы ў адукацыі, то паглядзяць, што можна зрабіць”, — тлумачыць Канстанцін.

Каб знайсці новае месца, двойчы давялося ездзіць у раённы аддзел адукацыі і праца знайшлася.

“Мне прапанавалі некалькі вакансій. Але мне галоўнае было ўцячы. Я абраў раённую школу, дырэктарка лагера дала дазвол, каб мяне адпусцілі. Цяпер сяджу як на гарачай лініі, даю парады”, — прызнаецца малады спецыяліст.

Каб разабрацца, як можна пазбегнуць размеркавання, звяртаемся да Пастановы Саўміна “Аб некаторых пытаннях размеркавання…”.

“Выпускнікі размяркоўваюцца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю (напрамкам спецыяльнасці, спецыялізацыяй) і прысвоенай кваліфікацыяй”, — гаворыцца ў законе.

Калі па спецыяльнасці працы няма, можна разлічваць на свабодны дыплом. А таксама пераразмеркавацца, калі на тое ёсць згода наймальніка, ці калі склаліся новыя абставіны: шлюб, напрыклад.

Нагадаем, летась з 22 тысяч выпускнікоў на працу накіравалі толькі 21 тысячу. А даехалі да яе яшчэ менш — 19 тысяч усё ж сталі маладымі спецыялістамі, паведамляе Белстат.

Фота: izvestiaur.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі