Як змянілася Украіна за тры гады пасля Майдана
Украіна адзначае трэцюю гадавіну Рэвалюцыі годнасці. Краіна за гэты час перажыла змену ўлады, анексію Крыма, пачатак вайны на Данбасе. Але што апроч гэтага там змянілася за гэты час?
Хто адказаў за смерць “Нябеснай сотні”?
Тры гады ўкраінскае грамадства задаецца пытаннем: калі за смерць людзей падчас Майдана адкажуць не толькі тыя, хто страляў, але і тыя, хто аддаваў такі загад? Адказу на пытанне доўгі час у праваахоўнікаў не было, але нечакана 21 лістапада генпракурор Украіны Юрый Луцэнка падчас візіту ў Гаагу робіць заяву: па справах здзяйснення злачынства ў дачыненні да актывістаў Майдану ўжо асуджаныя 35 чалавек, справы яшчэ 152 чалавек знаходзіцца ў судовых працэсах, каля 190 асоб — пад дасудовым следствам. Праўда, сярод пералічаных няма ніводнага з тых, хто аддаваў загады страляць.
“Так, забойцы — на лаве падсудных. Але тыя, хто ўкладаў ім у рукі зброю, хто даваў загад забіваць мірных людзей, хаваюцца ў Маскве”, — кажа кіраўнік Генпракуратуры Украіны.
Гэта ўжо зрух, але пытанні застаюцца. Праўда, даваць хоць нейкія каментары Еўрарадыё па справе забітых падчас Рэвалюцыі годнасці ў прэс-службе ўкраінскай Генпракуратуры адмаўляюцца.
Ці дапамог Майдан адчыніць дзверы ў Еўропу?
Прэзідэнт Украіны адмаўляецца падпісваць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, і падманутая ў сваіх еўрапейскіх чаканнях моладзь выходзіць на Майдан. Так пачыналася Рэвалюцыя годнасці. Гэта потым, пасля жорсткага збіцця пратэстоўцаў, патрабаванні ўкраінцаў да ўлады пашырыліся. Людзі, якіх на Майдан выйшлі сотні тысяч, патрабуюць адстаўкі Януковіча, знішчэння карупцыі, рэформ…
Майдан перамог, да ўлады прыйшлі іншыя людзі, а што з “еўрапейскімі патрабаваннямі”?
“Было падпісанае Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, якое ўключае ў сябе і паглыбленую ўсёахопную зону свабоднага гандлю — з 1 студзеня 2016 года гэтае Пагадненне дзейнічае ў поўнай меры. Праўда, засталося яшчэ, каб яго ратыфікавала Каралеўства Нідэрланды, але мы спадзяемся, што цягам найбліжэйшых месяцаў пытанне будзе закрытае”, — кажа кіраўнік праўлення грамадскага аб’яднання “Еўрапейскі рух Украіны” Вадзім Трухан.
Дарэчы, у 2010 годзе, яшчэ ў часы кіравання Януковіча, ЕС перадаў Украіне “План дзеянняў па лібералізацыі візавага рэжыму”. Прайшло 6 гадоў з таго моманту і тры — ад пачатку Рэвалюцыі годнасці, а ездзіць без віз у Еўропу ўкраінцы па-ранейшаму не могуць. Чаму?
“Украіна выканала ўсе абавязанні, якія ўзяла на сябе ў адпаведнасці з “Планам дзеянняў адносна лібералізацыі візавага рэжыму”, але ўмяшаліся непрадбачаныя абставіны — Еўрасаюз сутыкнуўся з міграцыйным крызісам. Засталося дачакацца, калі будзе ўведзены парадак часовага прыпынення бязвізавага рэжыму, і сіметрычна з ім будзе ўведзены бязвізавы рэжым для грамадзян Украіны”.
Ва Украіне чакаюць, што гэта здарыцца найбліжэйшым часам, але як яно будзе — дакладна не вядома.
Дзе цяпер лідары Майдана?
Фактычна, усе пры ўладзе. Ці непадалёк ад яе. Арсеній Яцанюк быў прызначаны прэм’ер-міністрам, але і пасля адстаўкі працягвае ўплываць на ўкраінскую палітыку: ён лідар партыі “Народны фронт”, якая мае сваіх дэпутатаў у Вярхоўнай Радзе. Віталь Клічко — мэр Кіева. І толькі лідар партыі “Свабода” Алег Цягнібок не атрымаў ніякага “прыза” — ні месца ва ўрадзе новага прэзідэнта Украіны, ні нават дэпутацкага мандата ў Вярхоўнай Радзе. Цяпер ён толькі партыйны лідар.
Гэта тройка першага шэрагу лідараў. Хваля, якую ўзняў журналіст Мустафа Наем сваёй фразай-заклікам “браць тэрмасы з гарбатай і ехаць на Майдан”, вынесла яго ў дэпутацкае крэсла. Пётр Парашэнка стаў цэлым прэзідэнтам краіны і па-ранейшаму застаецца “шакаладным каралём” — свае заводы ні ва Украіне, ні ў Расіі ён так і не прадаў. “Крывавы пастар” Аляксандр Турчынаў — сакратар Савета Нацыянальнай бяспекі Украіны з пашыранымі паўнамоцтвамі, Андрэй Парубій — старшыня Вярхоўнай Рады Украіны. Юрый Луцэнка — генпракурор. Нават Уладзімір Парасюк, і той стаў дэпутатам. А як справы ў шараговых украінцаў?
“Разгубленасць у людзей вялікая, рукі апускаюцца”
Прадпрымальнік з прыфрантавога Ізюма Вячаслаў Савельеў прызнаецца: здаецца, улады прынялі добрыя, праеўрапейскія законы, але выканання гэтых законаў, сапраўднага руху ў бок Еўропы не бачна.
“Разгубленасць у людзей вялікая, рукі апускаюцца… Нам заўжды было цяжка працаваць, але цяпер проста вакуум — няма грошай. Як паказалі е-дэкларацыі, усе грошы ў людзей у мяхах. У грамадзянскай супольнасці няма развіцця ніякага, усё заціскаецца на карані. Я людзей збіраў, каб прыбрацца ў парках, навесці ў горадзе парадак, але адразу ў любую грамадскую арганізацыю ўводзяцца людзі ад улады, з сістэмы і разрываюць знутры. Ім нявыгадна, каб грамадства было адзіным”.
Саламія, супрацоўніца пошты, Львоў:
“Людзі сталі мацнейшымі, пачалі аб’ядноўвацца. Узровень жыцця, канечне, цяпер так сабе. Працу знайсці нескладана, але заробак не вельмі. Толькі ў IT-сферы ўсё добра”.
Літаратурны менеджар з Херсона Яўгенія Вірліч кажа, што ў выніку Майдана ўкраінцы сталі больш адкрытымі і шчырымі, гатовымі дапамагаць адно аднаму, пачалі больш цікавіцца гісторыяй сваёй краіны. У той жа час усе добра бачаць, што ўлада ў краіне не надта каб кардынальна і змянілася — на кіруючых пасадах шмат кіраўнікоў з вертыкалі Януковіча.
“У бытавым плане вельмі складана, у матэрыяльным: рэзкі рост курса долара, падзенне кошту нацыянальнай валюты, рэзкі рост цэн. Цяпер у нас вялікая праблема — камунальныя паслугі, якія каштуюць вельмі дорага. Гэта не Майдану наступствы, а таго, што здарылася пасля яго: ваенныя дзеянні, якія прывялі да таго, што ў матэрыяльным плане вельмі складана. Можа, я проста аптыміст, але мне падаецца, што калі мы здольныя ў гэты час дапамагаць арміі, то не ўсё ў нас так ужо дрэнна”.