Якіх крокаў у адказ на адмену віз варта чакаць Беларусі ад Еўрасаюза?

Якіх крокаў у адказ на адмену віз варта чакаць Беларусі ад Еўрасаюза?

Беларусь адмяняе візы для грамадзян адразу 80 краін. Толькі на 5 дзён знаходжання ў сінявокай і толькі пры ўмове ўезду праз аэрапорт “Мінск-2”, але тым не менш. І што самае актуальнае — у спісе ўсе краіны Еўрасаюза.

“Мы спадзяемся, што Еўрапейскім саюзам гэтае рашэнне будзе прынятае да ведама і будуць нейкія сустрэчныя крокі ў кірунку развіцця кантактаў паміж Беларуссю і ЕС”, — адразу ж дыпламатычна намякае еўрапейскім калегам начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі Ігар Фісенка ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”.

Якіх жа канкрэтна “нейкіх сустрэчных крокаў” ў адказ чакае беларускі бок ад Еўрасаюза, цікаўлюся ў кіраўніка прэс-службы нашага знешнепалітычнага ведамства Дзмітрыя Мірончыка. Можа, разлічваюць, што ў адказ беларусам адменяць шэнгенскія візы на 5 дзён знаходжання ў ЕС? Але атрымліваю такі ж дыпламатычны адказ.

“Мы нічога не патрабуем, мы не робім гэта як ультыматум, мы не выстаўляем ніякіх тэрмінаў і гэтак далей. Ён (Ігар Фісенка — Еўрарадыё) гэта сказаў вельмі акуратна, далікатна, але для тых, хто разумее, усё зразумела”, — адказвае на маё ўдакладненне прадстаўнік МЗС Беларусі.

Добра, тады варта звярнуцца да тых, хто па сваёй працы павінен усё разумець — замежных дыпламатаў. Вядома, да прыкладу, што найбольшую колькасць шэнгенскіх віз беларусам выдаюць палякі. Можа, гэтая краіна-суседка ведае, якіх крокаў у адказ з боку ЕС і канкрэтна Польшчы нам варта чакаць?

“Мы асобна не можам зрабіць ніякіх захадаў. Бо ўсе рашэнні, датычныя віз, візавага рэжыму, рэгулююцца візавым кодэксам зоны Шэнген Еўрапейскага саюза. Не можа быць асобнага рашэння нацыянальных краін — гэта рашэнне ўсяго Еўрасаюза, усіх 28 краін. І таму самы перспектыўны шлях для Беларусі — працяг дыялогу аб спрашчэнні візавага рэжыму (змяншэнні кошту шэнгенскіх віз да 35 еўра — Еўрарадыё). А ў далейшым — імкненне да ўвядзення бязвізавага рэжыму. Што, дарэчы, ўжо атрымалася ў некаторых краін Усходняга партнёрства”, — тлумачыць першы сакратар Амбасады Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі.

З тым, што асабліва разлічваць на нейкія значныя “крокі ў адказ” не даводзіцца, згодны і былы надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Аўстрыі, старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі. Адзінае, кажа, можа, і сапраўды нашы еўрапейскія партнёры “больш уважліва будуць ставіцца да прапаноў беларускага боку па змяншэнні кошту віз”.

Валерый Варанецкі: “Хочацца разлічваць, што так будзе, але гэта неабавязкова можа здарыцца. Бо ёсць свая логіка перамоўнага працэсу, і наколькі гэтае рашэнне паўплывае на перамоўны працэс па зніжэнні кошту віз з Еўрасаюзам, мы пабачым пазней. У любым выпадку, гэтае рашэнне (аб адмене віз для грамадзян 80 краін — Еўрарадыё) будзе спрыяць развіццю нашага супрацоўніцтва: палітычнага, эканамічнага, культурнага, турыстычнага і гэтак далей”.

Па словах Валерыя Варанецкага, наша краіна ідзе на адмену візавага рэжыму найперш таму, што гэта патрэбна нам, “бо мы зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з рознымі краінамі свету і мы павінныя ў гэтым кірунку рабіць свае крокі”. Да ўсяго, кажа былы пасол, у дыпламатыі так гаворка не ідзе: “Мы зробім гэта, а вы ў адказ — тое”. Ну, прынамсі, такія “прыватныя” дамоўленасці ніколі не агучваюцца.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі