Якія “100 дзён прэзідэнцтва” для Лукашэнкі сталі найгоршымі
Першыя “сто дзён” прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі здарыліся ў 1994 годзе. Падчас інаўгурацыі, якая прайшла літаральна праз 10 дзён пасля нечаканай перамогі на выбарах.
“За тры месяцы там нічога асабліва не было зроблена. Усе асноўныя дзеянні пачаліся з наступнага года — у 1995. Акурат там пайшла праграма эканамічнай стабілізацыі. І фактычна да лета дала свае вынікі. Тады і курс спыніўся, які рос увесь час… Але ўсё гэта потым было. А першы перыяд быў дастаткова дэбільны. Таму што не было людзей. Гэта цяпер ёсць кадравы рэзерв. Вядома, хто і дзе. А тады нікога не было”, — згадвае пра першыя 100 дзён Лукашэнкі Сяргей Чалы, які ў той час працаваў у камандзе кіраўніка краіны.
Чалы расказвае, што самыя першыя сто дзён Лукашэнкі на пасадзе кіраўніка краіны былі, відаць, прасцейшымі за сённяшнія.
“У той час Лукашэнка ўмеў прыслухоўвацца да тых, хто яму раіў правільныя рэчы, і ў выніку гэтыя рашэнні праходзілі. Нават нягледзячы на тое, што яму псіхалагічна было зручней думаць іначай. Па сваіх поглядах. Пра вашывых блох і кантроль за цэнамі, напрыклад. Атрымліваецца, што ў 1994 было, з аднаго боку, складаней — не было людзей. А з іншага — прасцей. Лукашэнка тады яшчэ не быў сабой цяперашнім — пастарэлым і закасцянелым”.
Як змяніўся за першыя “100 дзён” Лукашэнкі курс долара, цяпер адсачыць цяжка. Статыстыка Нацыянальнага банка даступная толькі пачынаючы з 1995 года. Калі адсачыць прыгоды амерыканскай валюты за ўсе “стодзённыя адрэзкі” пасля кожнай чарговай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, то атрымаецца наступная карціна.
Кампанія 2001 года абярнулася для Аляксандра Лукашэнкі першай “элегантнай” перамогай. Але за першыя сто дзён яго другога тэрміна курс долара вырас на 7,4%. І пачаў каштаваць 1580 рублёў. Неверагодная для сённяшняга дня лічба.
Яшчэ больш неверагодныя рэчы з курсам долара адбываліся пасля элегантных перамог Аляксандра Лукашэнкі ў 2006 і 2010 гадах. У 2006 “сто дзён” прыпалі на ліпень, і тады курс долара нават знізіўся ў параўнанні з курсам на дзень інаўгурацыі — на 0,33%. Абсалютна неверагодная для сённяшняга дня рэч.
Пасля выбараў 2010 года інаўгурацыі не было вельмі доўга — больш за месяц. Чацвёртыя “100 дзён” прэзідэнцтва Лукашэнкі скончыліся ў пачатку траўня 2011 года. Афіцыйны курс долара на той дзень складаў 3013 рублёў. Гэта на 0,1% менш, чым курс на дзень інаўгурацыі — 3016. Аднак у абменніках валюты амаль не было, а рэальны курс на чорным рынку значна перавышаў афіцыйны.
Але ўсе гэтыя гісторыі не параўнаюцца з тым, як праходзяць “100 дзён прэзідэнцтва” ў Лукашэнкі сёлета. Сяргей Чалы гаворыць, што у 2016 годзе сітуацыя, відаць, нават горшая, чым у 1994:
“Цяпер сітуацыя больш складаная з усіх пунктаў гледжання. І ўнутраная эканамічная сітуацыя — у нас даўно ўсё згніло, чым мы некалі ганарыліся, а мадэрнізацыя толькі пазыкамі абцяжарыла. І знешняя эканамічная сітуацыя цяпер больш складаная, чым у сярэдзіне 90-х”.
Вернемся да лічбаў. За 100 дзён, якія прайшлі пасля апошняй інаўгурацыі кіраўніка краіны, курс долара ў Беларусі вырас на 25,06%. І гэта самы дрэнны вынік для кіраўніка Беларусі за ўсе “элегантныя перамогі”.