“Яна не пачыналася”: як прайшла акцыя за інтэграцыю ў Мінску
На акцыю ў падтрымку інтэграцыі з Расіяй, якую запланавалі "левапатрыятычныя сілы Беларусі", ніхто не прыйшоў. А дакладней, акцыі не адбылося. Арганізатары не паспелі ўзгадніць масавае мерапрыемства з Мінгарвыканкамам да 20 снежня, таму адмовіліся ад яе ўвогуле.
“Як акцыя прайшла? Яна не пачыналася, — адказаў кіраўнік грамадскага аб’яднання “За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць” Валерый Драко ў размове з Еўрарадыё. — А грошай праплачваць усе штрафы [за несанкцыянаванае мерапрыемства. — Еўрарадыё] ў нас няма. Пятнаццаці дзён у нас не было, чаму мы ў Адміністрацыю і пайшлі. Мы не абароны нейкай пайшлі прасіць, а проста паказаць, што правыя выйшлі, левыя таксама выйдуць. Але для гэтага дайце “дабро”, а нам яго не далі”.
Паводле беларускіх законаў, падаваць заяўку на вулічную акцыю трэба як мінімум за 15 дзён да запланаванай даты. Але паміж першым і другім раўндам перамоў Лукашэнкі і Пуціна — усяго 13 дзён. Каб усё ж атрымаць дазвол, прыхільнікі інтэграцыі і накіравалі зварот кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Ігару Сергеенку.
Чарговая сустрэча лідараў Беларусі і Расіі, прысвечаная інтэграцыі дзвюх дзяржаў, прызначана на 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Паведамляецца, што Аляксандр Лукашэнка ўжо прыляцеў у горад на Няве. Яго сустрэча з Пуціным павінна адбыцца ў абед.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.