Яна сарвала маску з міліцыянта, які ўдарыў жанчыну, — і сама трапіла на “хімію”

Яна сарвала маску з міліцыянта, які ўдарыў жанчыну, — і сама трапіла на “хімію”

“Няма справядлівасці. Дзяржава нам паказвае, што справядлівасць ёсць толькі для некаторых людзей і яна нейкая крывая. А для тых, каго б’юць на вуліцы міліцыянты, яе няма і з гэтай дзяржавай яе не будзе”, — распавядае Еўрарадыё Настасся Герыловіч. Днямі 35-гадовую дзяўчыну асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў хатняй хіміі за тое, што сарвала маску з міліцыянта, які ў верасні 2020 года ўдарыў жанчыну ў Жодзіне.

Наста расказала нам, чаму яна вырашыла сарваць маску з міліцыянта і як праходзіў суд над ёю.


“У масках міліцыянты ўсе аднолькавыя”

Гэты эпізод шмат хто памятае: міліцыянт разварочваецца і б’е па твары жанчыну, якая здымае яго на тэлефон. “Так ударыў, што яе падкасіла і яна ўпала на зямлю. Гэта мяне вельмі ўзрушыла: як жа так? Я пабегла туды і, пакуль бегла, думала, што магу зрабіць”, — прыгадвае той дзень Наста Герыловіч. 

Вакол міліцыянта і жанчыны імгненна ўтвараецца натоўп. Сілавіка абступаюць калегі. “Я вырашыла, што трэба зняць маску, каб пасля можна было ідэнтыфікаваць таго, хто біў. У масках міліцыянты ўсе аднолькавыя”, — працягвае Наста.

Калі сілавік застаўся без маскі, ён схапіў дзяўчыну за руку, паваліў і так утрымліваў. Іншыя міліцыянты сказалі яму ісці ў бусік. 7 красавіка ў 6:30 да Герыловіч прыйшлі, з 7-га да 9-га яна сядзела ў ІЧУ і давала паказанні. Пасля дзяўчыну адпусцілі пад заручэнне, а 25 траўня выклікалі ў суд. 


“У маёй асобе была абражаная дзяржава”

Пацярпелым у судзе выступіў участковы Мікалай Бараноўскі. Гэта той самы сілавік, які біў жанчыну, — і так, дзякуючы Насце Герыловіч мы ведаем, як яго завуць.

Бараноўскі запатрабаваў, каб Наста выплаціла яму 600 рублёў у якасці кампенсацыі за маральныя пакуты. Калі адвакатка дзяўчыны Марыя Колесава-Гудзіліна перапытала, якія канкрэтна пакуты ў яго былі, той адказаў: “Мае дзеянні палічыў правільным Следчы камітэт, які даў па гэтай справе заключэнне. Але мае фатаграфіі былі па ўсім горадзе". Адвакатка сказала, што Наста не мае да гэтага дачынення. Рэакцыя Бараноўскага: “Магла быць пашкоджана форма, у маёй асобе была абражаная дзяржава”. 

“Маўляў, “я і ёсць дзяржава”, — усміхаецца дзяўчына. — Што зробіш... Далей было шмат недакладнасцяў. Напрыклад, ён казаў, што трымаў адначасова на зямлі і мяне і Ілю [Наіля Гусаковажанчына, якую ўдарыў Бараноўскі. — Еўрарадыё], такога не было. Але самае цікавае здарылася ў час апошняга слова. Бараноўскі расказаў, што 15 гадоў таму ў Мінску нейкі доктар ратаваў чалавека і біў яго па сэрцы, каб яно завялося. Натоўп вырашыў, што той яго забівае, і забіў гэтага доктара. Маўляў, заўсёды трэба думаць, што робіш. На гэта, канешне, я б запытала: пра што думаў ён, каго ратаваў, калі біў па твары жанчыну?”


Гвалт у дзяржаве — як хатні гвалт

Адпачатку дзяржабвінаваўца памочнік пракурора Жодзіна Дзмітрый Ярашэвіч прасіў пакараць Насту пяццю гадамі хатняй хіміі. Дзяўчына адна выхоўвае дзесяцігадовага сына, таму, канешне, ёй было ніякавата. 

“Рэч у тым, што за некалькі тыдняў да гэтага па той жа справе быў асуджаны чалавек, які тады штурхнуў Бараноўскага. Пракуратура запатрабавала два з паловай гады хатняй хіміі, а гэты ж суддзя Іван Грынкевіч даў яму адзін год калоніі. Я думала, што, калі пракурор запатрабаваў для мяне пяць, магчыма, сяду на два. Але, відаць, спрацавала тое, што ў мяне сын і што я цалкам прызнала сваю віну, таму ў калонію не накіравалі. 

Яна сарвала маску з міліцыянта, які ўдарыў жанчыну, — і сама трапіла на “хімію”

Што яшчэ магу сказаць пра працэс? І суддзя, і пракурор, і Бараноўскі — мужчыны. Была праверка. Відаць, яны лічаць, што міліцыянт усё зрабіў як трэба. Слушныя пытанні задавала толькі адвакатка. Напрыклад, яна запыталася ў Бараноўскага: “Як можна назваць такі метад, калі вы затрымліваеце жанчыну з дапамогай удара па вуху?” Ён мяўся-мяўся, пасля адказаў, што нібы хацеў схапіць яе за каўнер. Але мне здаецца, ён біў, каб ударыць. Ён мог гэта зрабіць — і зрабіў. І дзяржава яго абараняе. Як і мужчын, якія робяць хатні гвалт, а ўлады не прымаюць закон аб супрацьдзеянні. Такія ж самыя рысы, адзін у адзін”. 

Наста кажа, што, нягледзячы на прысуд, усё ў яе будзе добра. Ёй шкада толькі, што не атрымаецца павандраваць летам з сынам. Але ёсць бабуля і дзядзька, якія не дазволяць уладам сапсаваць хлопцу вакацыі.

“Я моцна ўражаная тым, што на суд мяне прыйшло падтрымаць шмат людзей: незнаёмыя і знаёмыя, сябры, калегі, родныя, — кажа дзяўчына. — Адчуваць такую салідарнасць прыемна. Мне вельмі падабаецца, што жодзінцы не пакідаюць адно аднаго ў такіх выпадках і ходзяць на суды. І так, я ўпэўнена, што, калі на вуліцы б’юць людзей, праходзіць міма нельга. Ведаю, што Наіля Гусакова, якую тады ударыў міліцыянт, працягвае пісаць скаргі і дамагацца справядлівасці”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі