Ярмошына: фота бюлетэняў у дзень выбараў нельга публікаваць да 20:00

Лідзія Ярмошына / Еўрарадыё
Лідзія Ярмошына / Еўрарадыё

На думку старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, публікаваць фота бюлетэняў у дзень выбараў нельга, пакуль ідзе галасаванне, — гэта значыць да 20:00. Фатаграфаваць запоўненыя бюлетэні і рабіць сэлфі на ўчастках — законна. Але вось выкладваць іх у сацыяльных сетках нельга — гэта будзе расцэнена як агітацыя.

"Рэч у тым, што пакуль ідзе дзень выбараў, гэта значыць 9 жніўня, да 20 гадзін гэта рабіць нельга. У сілу таго, што гэта ўжо агітацыя. А агітацыя ў дзень выбараў забароненая", — расказала Ярмошына ў жывым эфіры Еўрарадыё.

Фатаграфаваць і публікаваць здымкі бюлетэняў людзі хочуць, каб супрацьстаяць магчымым фальсіфікацыям. Такія прапановы рэгулярна гучаць са штабоў розных кандыдатаў, 17 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё гэтую думку паўтарыла Марыя Калеснікава, каардынатар ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

Тым, хто ўсё ж хоча апублікаваць фота свайго бюлетэня, кіраўніца ЦВК парэкамендавала пачакаць да наступнага дня.

Сам факт фатаграфавання бюлетэня з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства ва Украіне, Канадзе, ЗША. У Расіі гэта кваліфікуюць як парушэнне таямніцы галасавання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі