Ярмошына: група Ціханоўскага накіроўвала збор подпісаў на змену ўлады
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв'ю kp.by пацвердзіла, што з'яўляецца ініцыятарам заявы на блогера Сяргея Ціханоўскага ("Краіна для жыцця"). Пра тое, што ў дачыненні да яго распачата новая крымінальная справа, стала вядома ў аўторак. Гаворка пра артыкул КК "Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў...".
"Ініцыятарам адной заявы ў дачыненні да Ціханоўскага была і я, — кажа Ярмошына. — Гэта звязана з тым, што гэтая група паводзіла сябе непатрэбна".
Паводле слоў старшыні ЦВК, "група Ціханоўскага імкнуліся разгайдаць сітуацыю, выкарыстала збор подпісаў, накіраваўшы яго на змену ўлады". Журналіст адрэагавала на яе словы: "Змена ўлады, напэўна, нармальна для часу выбараў". "Не, не нармальна, — кажа Лідзія Ярмошына. — Выбары — гэта канстытуцыйны пераход улады, але не гвалтоўная змена".
Сяргей Ціханоўскі з 29 траўня знаходзіцца за кратамі. Яго затрымалі пасля правакацыі ў Гродне і прывезлі ў Мінск. Цяпер ён у СІЗА № 1. Была распачата крымінальная справа па факце "арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.