Ярмошына невысока ацэньвае шанцы жанчын-кандыдатак у прэзідэнты
Пра гэта яна заявіла на тэлеканале "Беларусь 1".
Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына паўдзельнічала ў праграме "Буйным планам" на тэлеканале "Беларусь 1". Гаворка ішла пра будучыя прэзідэнцкія выбары. Між іншым, Ярмошына выказалася пра жанчын-патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі:
"Ёсць, канечне, і дзяўчаты мілыя. Я жадаю ім усялякага дабра і шчасця. Але на мой погляд, пакуль у іх усё крохка так".
Старшыня ЦВК нагадала, што за чатыры прэзідэнцкія кампаніі ў нашай краіне было 24 кандыдаты ў прэзідэнты. Сёлета яна прагназуе 10 кандыдатаў. Менавіта столькі іх было на выбарах 2010 года.
Нагадаем, сярод тых, хто можа паспрабаваць свае сілы ў сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі, — грамадскія дзяячкі Таццяна Караткевіч і Алена Анісім.
Мяркуецца, што прэзідэнцкія выбары пройдуць у Беларусі 15 лістапада — гэтую дату называе Цэнтрвыбаркам як найбольш верагодную.
Таццяна Караткевіч
Алена Анісім
Фота: svaboda.org, zapraudu.info