Ярмошына патлумачыла, чаму казала сенатарам пра “прыгожы ружовы сіроп”
З дапамогай гэтага вобразу старшыня ЦВК распавядала пра рэакцыю БДІПЧ АБСЕ на апошнія змены ў беларускае выбарчае заканадаўства.
Па словах Лідзіі Ярмошынай, і словы пра дзяўчат, якім лепш “дома сядзець ды варыць боршч, а не па плошчах шастаць”, і пра “прыгожы ружовы сіроп” былі не больш, чым экспромтам.
Вось што распавяла Еўрарадыё старшыня ЦВК:
“Чаму я сабе гэта дазваляю? Ну, напэўна таму, што я ўжо навучылася свабодна трымацца ў любой аўдыторыі. Да ўсяго, я думаю, што ёсць такія бытавыя дробязі, якія ўзмацняюць словы і значна лепш запамінаюцца і з’яўляюцца значна лепшымі аргументамі, чым нейкія занадта разумныя фразы. Якія да такой ступені выхалашчаныя, што іх можна разумець па-рознаму”.
На заўвагу Еўрарадыё, што яе словы пра “прыгожы ружовы сіроп” больш запомніліся, чым тое, што змены, унесеныя ў Выбарчы кодэкс, апынуліся далёкімі ад чаканняў БДІПЧ АБСЕ, старшыня ЦВК весела адказала: “Значыцца, экспромт атрымаўся!”.
Нагадаем, прадстаўляючы законапраект аб папраўках у выбарчае заканадаўства ў Савеце Рэспублікі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына сказала: "З праектам нашых зменаў знаёміліся БДІПЧ АБСЕ. Не хачу вас падманваць прыгожым ружовым сіропам. Гэта не тое, на што яны разлічваюць: яны разлічваюць на многае іншае".
Па словах Лідзіі Ярмошынай, БДІПЧ АБСЕ найперш незадаволеныя тым, што не была ўлічаная іх рэкамендацыя па змене парадку фармавання Цэнтральнай выбарчай камісіі. “А гэта магчыма зрабіць толькі ў выніку рэферэндуму”, — заявіла яна ў гутарцы з Еўрарадыё.