Ярмошына пракаментавала вылучэнне "Міс Беларусь" на парламенцкія выбары
У дэпутаты беларускага парламента павінны ісці "людзі сталыя". Так старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына пракаментавала рашэнне 22-гадовай "Міс Беларусь — 2018" Марыі Васілевіч пайсці на парламенцкія выбары.
"Думаю, насельніцтву гэта спадабаецца. Адзінае што, у мяне асабістая пазіцыя як выбаршчыка і дзяржаўнага чыноўніка, у дэпутаты павінны ісці людзі сталыя", — пракаментавала Ярмошына.
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў грамадзянін Беларусі можа быць з 21 года.
Тлумачачы сваё вылучэнне, Васілевіч казала, што ідэю ёй прапанавалі ў БРСМ. "Мне б вельмі хацелася, каб ініцыятывы і праблемы моладзі слухалі і чулі на самым высокім узроўні. Моладзь павінна быць прадстаўленая ў парламенце — вось маё меркаванне", — падкрэсліла дзяўчына. Найбольшую вядомасць яна набыла тым, што рэгулярна суправаджае Аляксандра Лукашэнку на афіцыйных і неафіцыйных мерапрыемствах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.