Юрыдычныя гарантыі “каліноўцам”: пра што варта падумаць ужо цяпер

Юрыдычныя гарантыі “каліноўцам”: пра што варта падумаць ужо цяпер

У мірным жыцці беларускім добраахвотнікам варта будзе забыцца на адпачынак у Егіпце. Так, не самая вялікая пагроза.

Але калі сярод каліноўцаў і няма аматараў Хургады, пра некаторыя іншыя юрыдычныя наступствы добраахвотніцтва варта падумаць ужо цяпер.

Мы спыталі юрыстаў, дзе да беларускага добраахвотніка можа дацягнуцца рука рэжыму. І ці плануюць дэмсілы дамагацца для іх паскоранага атрымання ўкраінскага грамадзянства.
 

Як 2014 год змяніў артыкул пра наёмніцтва

Да 2014 года беларускі Крымінальны кодэкс прадугледжваў адказнасць за ўдзел ва ўзброеным канфлікце на баку іншай дзяржавы за грошы. Папросту — наёмніцтва было забароненае яшчэ тады, кажа юрыст НАУ Арцём Праскаловіч. Але 2014 год дадаў адну значную змену.

Арцём Праскаловіч / фото з архіва суразмоўцы

— Калі шматлікія беларусы паехалі ў зону АТА змагацца, на жаль, як на баку Украіны, так і на баку так званых ДНР і ЛНР, былі прынятыя змены.

І адказнасць уводзілася ўжо проста за ўдзел у такім канфлікце — без прыкметы таго, ці адбываецца гэта за ўзнагароду. Так артыкул стаў палітызаваным. Гэта было патрэбна для таго, каб спыніць праяўленне аднадумства беларусаў з украінцамі.

Таму, канешне, цяпер, калі добраахвотнік будзе вяртацца ў Беларусь, яму будзе пагражаць крымінальная адказнасць. Але думаю, што на тэрыторыі любой дэмакратычнай краіны ён будзе ў адноснай бяспецы.

І так, ніякай Хургады

Большасць краін свету такога артыкула ў сваіх кодэксах не маюць, супакойвае адвакат Алесь Міхалевіч.

— Калі Беларусь будзе абвінавачваць чалавека па “наёмніцкім” артыкуле, ні з адной цывілізаванай краіны яго не выдадуць. Бо такія краіны не будуць выдаваць чалавека па артыкуле, якога няма ў іх уласным Крымінальным кодэксе.

У абсалютнай большасці краінаў служба ва ўкраінскім войску не забароненая. Што мы і бачым па Інтэрнацыянальным легіёне, у якім служаць прадстаўнікі розных дзяржаваў. Таму асноўная парада — пасля вайны ездзіць па цывілізаваных краінах і пазбягаць турыстычных напрамкаў кшталту Егіпта.

Юрыдычныя гарантыі “каліноўцам”: пра што варта падумаць ужо цяпер
І ніякага Егіпта! / pixabay

Але ж добраахвотнік можа сутыкнуцца не толькі з выбарам напрамку для адпачынку. Вярнуцца дадому немагчыма — прынамсі, цяпер, — і патрэбная легалізацыя ў іншай краіне. Што рабіць?

Першы зразумелы крок — атрымаць статус уцекача. Але ж ва Упраўленні вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў лічаць, што “людзі са зброяй” на гэты статус падавацца не могуць.

— Любыя рэкамендацыі ААН — гэта ўсяго толькі рэкамендацыі. Я ўпэўнены, што беларусу, які ваяваў за Украіну, будзе магчыма атрымаць там статус уцекача, бо любая краіна такім асобам звычайна яго дае.

Да таго ж гэтыя асобы змогуць прэтэндаваць на статус уцекача і ў некаторых іншых краінах. Таму што ўдзел у ваенных дзеяннях не з’яўляецца аўтаматычна стоп-фактарам для надання такога статусу. Я ўпэўнены, што застануцца краіны, якія такі статус добраахвотнікам будуць даваць.

Юрыдычныя гарантыі “каліноўцам”: пра што варта падумаць ужо цяпер
Алесь Міхалевіч, юрыст / фота з архіва суразмоўцы

Не таму, што ў цывілізаваных краінах “усе ўсё разумеюць”. Але таму, што, нават калі хтосьці чагосьці не разумее, там працуюць юрыдычныя механізмы. І ў выніку стане ясна, што чалавека нельга выдаваць у Беларусь.

— Але я не бачу неабходнасці для іх атрымліваць статус уцекача. Я ўпэўнены, што для тых людзей, якія служаць ва ўкраінскім войску, будзе спрошчаная працэдура атрымання ўкраінскага грамадзянства.
 

Ці патрэбнае добраахвотніку ўкраінскае грамадзянства

Калі добраахвотнікі атрымаюць украінскае грамадзянства ці грамадзянства іншай краіны, яны будуць абароненыя згодна з мясцовым заканадаўствам. То-бок калі краіна не выдае сваіх грамадзян Беларусі і Расіі — дык і добраахвотніка не выдасць.

Але ж для Беларусі гэтыя людзі па-ранейшаму будуць заставацца яе грамадзянамі — і пры жаданні дзяржава можа працягваць спробы да іх дацягнуцца, кажа Праскаловіч.

І ўсё ж грамадзянства Украіны — гэта юрыдычная абарона. І патрабуючы гэтай абароны, у 2018 годзе ўкраінскую Раду акружалі добраахвотнікі, якія ваявалі на баку краіны з 2014 года. Бо яшчэ тады, у 2014 годзе, Пятро Парашэнка абяцаў украінскае грамадзянства тым, хто са зброяй паехаў у зону АТА.

Але ж у наступныя чатыры гады грамадзянства атрымалі толькі з дзясятак добраахвотнікаў, пісала Deutsche Welle. А ў Дзяржаўнай міграцыйнай службе тлумачылі, што ўсе гэтыя людзі атрымлівалі яго па звычайнай працэдуры.

Юрыдычныя гарантыі “каліноўцам”: пра што варта падумаць ужо цяпер
Майдан Незалежнасці вясной 2022 года / канал Кіеўскай рады

Яна даволі простая, але прадугледжвае, што вы пражылі на тэрыторыі Украіны прынамсі пяць гадоў. Калі служыце ва УСУ — тры гады. За гэты час добраахвотнік можа сутыкнуцца з вельмі трывіяльнай праблемай — папросту можа скончыцца тэрмін дзеяння пашпарта. А найбліжэйшая магчымасць яго замяніць — у Беларусі, вяртацца ў якую нельга.
 

“Я запісаў вашае пытанне”

Калі спрашчаць працэдуру атрымання ўкраінскага грамадзянства для беларусаў, дык трэба будзе спрашчаць яе і для ўсіх добраахвотнікаў. Праскаловіч кажа, што Украіна можа быць не гатовая пайсці на гэты крок у дачыненні да ўсіх краін свету.

І хоць, магчыма, з задавальненнем зрабіла б тое для беларусаў, павінна зыходзіць з паняцця роўнасці перад законам. І таму — адкрыць такі шлях кожнаму ахвотнаму. Дакладней, кожнаму добраахвотніку.

— Я бачу ў гэтым праблемы. Такім шляхам можа паспрабаваць скарыстацца шэраг людзей, якія хочуць не абараняць Украіну, а праз нібыта ўдзел у абароне атрымліваць украінскае грамадзянства.

Я лічу, што ў будучыні шмат чаго будзе залежаць ад добрай волі прэзідэнта Зяленскага. Калі будзе палітычная воля, дык знойдуць магчымасць разгледзець такое хадайніцтва. Гэтак жа як разглядаюць іх у дачыненні да спартоўцаў ці навукоўцаў, у прыняцці ў грамадзяне якіх зацікаўленая тая ці іншая краіна.

У дачыненні да чалавека ўсё роўна будзе праводзіцца адмысловая праверка, кажа Праскаловіч. Ці сапраўды ўдзельнічаў у абароне Украіны? Ці “правільна” ўдзельнічаў? Ці не здзейсніў ваенных злачынстваў? Па выніках такой праверкі якраз і можна праявіць “палітычную волю” — і дазволіць даць грамадзянства.

— Але ж цяпер, калі ідзе ўзброены канфлікт, гэта не першапачатковае, чым бачыць неабходнасць займацца прэзідэнт Зяленскі. Дый перад самімі абаронцамі цяпер стаяць пытанні жыцця і смерці. Я не думаю, што першае, што ім патрэбна, — украінскае грамадзянства па спрошчанай працэдуры, — кажа суразмоўца Еўрарадыё.

— Так, ім цяпер ёсць пра што думаць. Але ж хто падумае пра юрыдычныя гарантыі для іх на будучыню — каб пасля не хадзіць з мітынгамі да Рады?

— Як прадстаўнік НАУ, я гэтае пытанне забіраю, Паўлу Латушку і калегам перадам і на ўсіх сустрэчах, дзе будзе магчыма, мы падымем гэтае пытанне. Але ж відавочна, што сёння ўсе беларускія дэмакратычныя структуры кантактуюць з Украінай вельмі акуратна, каб не зрабіць краіне горш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі