Юрый Рубцоў будзе на прафілактычным наглядзе два гады

25 жніўня былы палітзняволены Юрый Рубцоў сабраў неабходныя дакументы, каб стаць на прафілактычны ўлік ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Савецкага РАУС Гомеля. Ён прайшоў дактыласкапію, узяў патрэбныя даведкі ў крымінальным вышуку і ва ўчастковага. Заўтра ён здасць гэты пакет дакументаў у крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Як паведаміў былы палітвязень у інтэрв’ю БелаПАН, назіранне за ім будзе доўжыцца два гады.

Рубцоў будзе вольны ў перамяшчэннях, але калі паездка зацягнецца болей як на месяц, ён абавязаны будзе паведаміць пра гэта ў міліцыю з указаннем адраса знаходжання. Таксама яму нельга здзяйсняць правапарушэнні.

Былы палітвязень ужо спрабаваў уладкавацца на працу, але пакуль безвынікова. Апроч таго ён збіраецца заняцца сваім здароўем: падчас знаходжання ў калоніі ў яго ўзніклі праблемы з нагой.

Юрый Рубцоў у кастрычніку 2014 года быў асуджаны да паўтара года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Новую справу на Рубцова завялі ў сакавіку гэтага года за ўхіленне адбывання пакарання. 6 красавіка апазіцыйны актывіст быў узяты пад варту. 28 траўня суд Пружанскага раёна асудзіў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму.  

22 жніўня ён быў памілаваны ўказам кіраўніка дзяржавы.

Фота: Belapan

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі