З Беларусі ў Латвію адправілі афіцыйны запыт на выдачу Валерыя Цапкалы
З Беларусі ў Латвію адправілі афіцыйны запыт на выдачу апазіцыйнага палітыка, былога кіраўніка беларускага Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы. Пра гэта ў чацвер заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. Паводле яго слоў, "усе дакументы адпраўлены ва ўстаноўленым парадку праз Генеральную пракуратуру". Наскевіч кажа, што ў Мінску чакаюць выдачы не толькі Цапкалы, але і журналістаў Рамана Пратасевіча ды Сцяпана Пуцілы (адказу з Польшчы няма), паведамляе ТАСС. Як сказаў Еўрарадыё Пратасевіч, ён жыве ўжо ў іншай краіне.
Раней на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах паведамілі, што Валерыя Цапкалу вінавацяць "па шэрагу карупцыйных злачынстваў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры". "Я сустрэў гэтую навіну з пэўнай доляй іроніі, — кажа Цапкала ў эфіры Еўрарадыё. — У рэаліях у іх няма ніякіх дакументаў супраць мяне".
На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Валерый Цапкала планаваў вылучыць сваю кандыдатуру, але яго не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты. Разам з сям'ёй ён з мінулага года жыве ў Латвіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.