З Новага года — падатак на аўто, падаражанне “жыроўкі” і тэст на п’янства

“Сюрпрыз” чакае кіроўцаў — з Новага года яны будуць плаціць дзяржаве за машыны.

“За “Жыгулі” гэта будзе 390 тысяч, за “Фольксваген” — 650 тысяч, за “Мерседэс” — 1 мільён. Гэта ўсё пойдзе на дарогі”, — выступаў перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў прэм’ер Міхаіл Мясніковіч, калі прасіў падтрымаць штогадовы падатак на аўто. І падтрымалі: супраць выказаліся толькі 7 дэпутатаў. Цяпер падатак на подпісе ў кіраўніка краіны.

Агулам на такім зборы ўрад плануе зарабіць больш за 1,6 трыльёна рублёў.

Новае чакае і іпэшнікаў — пасля 1 ліпеня яны мусяць мець дакументы на тавар, якія пацвярджаюць яго набыццё.

"ІП — апошняе звяно ў ланцугу закупкі тавару. І ў яго ўжо ўсё павінна быць. Як з'яўляецца тавар не сертыфікаваны і без дакументаў, гэта не тычыцца кампетэнцыі прадпрымальніка. Гэтым мусяць займацца іншыя органы", — адказвае на гэта дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч.

У новым годзе можна будзе праверыць: ці не п’яныя супрацоўнікі на працы. Такое права наймальніку дае новая рэдакцыя закона “Аб ахове працы”. Але работнік можа адмовіцца, тады ў гэты дзень яго вызваляць ад працы без заробку, паведамляе падчас онлайн-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў.

За жыллё пасля святаў беларусы будуць плаціць больш: сям’я з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёўцы аддасць каля 400 тысяч. Гэта будзе болей на 117 тысяч, калі параўноўваць з леташнімі плацяжамі, падлічыў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.

Абітурыенты ў новым годзе будуць паступаць ва ўніверсітэты па новых правілах. Цяпер змены на ўзгадненні ў Саўміне і Адміністрацыі прэзідэнта, таму іх канчатковы варыянт яшчэ не вядомы. Але, як даведваецца Еўрарадыё, чыноўнікі разглядаюць адмену ільгот пры паступленні для вяскоўцаў, а таксама паступленне без іспытаў для алімпіяднікаў і медалістаў у педуніверсітэты.

З новага года вырастуць кошты на цыгарэты: паліць стане ў 1,5 — 2 разы даражэй. Але вырасце і мінімальны заробак. Да 1,6 мільёна за месяц.

Новыя змены ў краіне анансуе і кіраўнік Аляксандр Лукашэнка. З дыктатуры — у дэмакратыю.

“Перыяд дыктатуры заканчваецца, наступае этап дэмакратыі — нікуды ад гэтага не падзецца. Пачатак гэтаму будзе на выбарах у мясцовыя саветы”, — казаў Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.

Фота - з акцыі "Стоп-падатак" у Мінску

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі