З расійскага авіяносца "Адмірал Кузняцоў" у мора зваліўся яшчэ адзін самалёт
З расійскага авіяносца "Адмірал Кузняцоў", які знаходзіцца ў Міжземным моры, зваліўся яшчэ адзін самалёт. Су-33 пасля выканання баявога задання прызямляўся на палубе, але не змог спыніцца і зваліўся ў мора. Пілот паспеў катапультавацца, яго выратавалі, інфармуе РІА "Новости".
Сайт meduza.io удакладняе, што здарэнне адбылося яшчэ 3 снежня. Прычынай падзення Су-33 у мора называюць абрыў троса аэрафінішэра, які дапамагае затармазіць самалёт адразу пасля пасадкі.
Папярэдняе здарэнне на "Адміралы Кузняцове" адбылося 13 лістапада. Тады з палубы ў мора зваліўся МіГ-29. Пілот таксама паспеў катапультавацца.