За “акопны перфоманс” са Змітра Дашкевіча патрабуюць 110 долараў
Веткаўскі лясгас даслаў ліст лідару "Маладога фронту" Змітру Дашкевічу. З яго патрабуюць заплаціць 220 рублёў 50 капеек "новымі" (гэта каля 110 долараў), інфармуе сайт mfront.net.
Гэтыя грошы веткаўскія ляснічыя патрабуюць за два акопы, выкапаныя 6 верасня. Тады Дашкевіч разам з Сяргеем Пальчэўскім зладзілі перфоманс недалёка ад расійскай мяжы, каб адзначыць 19-ю гадавіну заснавання арганізацыі. Як паведамляла Еўрарадыё, двух маладафронтаўцаў затрымоўвалі міліцыя, пажарныя, супрацоўнікі КДБ.
Дашкевіч звяртае ўвагу, што ні разу такія штрафы не выпісваліся ні на адным з вайсковых збораў, "якія праводзяць прарасійскія актывісты пад патранажам казацтва і маскоўскага праваслаўя".