За фота з маршаў пяцярых беларусаў асудзілі да "хатняй хіміі"
Суд / spring96.org
У судзе Партызанскага раёна Мінска адбыліся два пасяджэнні, па выніках якіх да "хатняй хіміі" былі асуджаныя адразу пяць чалавек, пішуць праваабаронцы "Вясны". Усе прысуды агучыў суддзя Міхаіл Макарэвіч.
Беларусаў судзілі за фатаздымкі, дзе быў бачны іх удзел у паслявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Здымкі міліцыянты знайшлі ў інтэрнэце.
Дзмітрыя Ступакевіча асудзілі на 2,5 года "хатняй хіміі" паводле арт. 342 КК (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Яго фатаздымак знайшлі на адным з навінавых сайтаў.
Пад вартай да суда былі тры іншыя падазраваныя па тым самым 342-м артыкуле. Іх пасля прысуду вызвалілі ў зале суда. Сяргея Ляўко і Дзмітрыя Плешавеню асудзілі да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі" кожнага, Юрыя Дзіковіча — да трох гадоў "хатняй хіміі". Іх вызвалілі ў зале суда.
Разам з імі судзілі Людмілу Цыбульскую, якая не была пад вартай. Ёй прысудзілі два гады і тры месяцы "хатняй хіміі".
На судзе Дзіковіч сказаў, што загадзя планаваў удзел у Маршах, бо быў нязгодны з гвалтам супраць пратэстоўцаў. Ляўко, Плешавеня і Цыбульская сказалі, што прыехалі ў Мінск з іншага гораду, каб прыняць удзел у Маршы. Ляўко быў нязгоды з вынікамі выбараў, Цыбульская і Плешавеня прыехалі праз “цікаўнасць”.
Дарэчы, Дзіковіч выхоўвае дачку з інваліднасцю, а Цыбульская — пенсіянерка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.