За хабар 20 тысяч еўра затрымалі гендырэктара Мінскага завода шасцерняў
За хабар 20 тысяч еўра затрымалі гендырэктара Мінскага завода шасцерняў Сяргея Пацкевіча. Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяяй МУС Беларусі завіталі да яго ў кабінет 7 лютага. Якраз падчас атрымання грошай ад прадстаўніка замежнай камерцыйнай структуры "за спрыяльнае вырашэнне пытанняў па выкананні заводам сваіх дамоўных абавязацельстваў, звязаных з разлікамі за пастаўленае тэхналагічнае абсталяванне".
Пацкевіч быў узгоднены кіраўніком дзяржавы на пасаду гендырэктара прадпрыемства ў жніўні 2017 года. Праваахоўнікі высветлілі, што ў мінулым годзе гендырэктар неаднаразова атрымліваў хабары ад прадстаўнікоў камерцыйных структур. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры асобай, якая займае адказнае становішча".