За насвай уведзеная адказнасць. Чым ён небяспечны, апроч рызыкі падхапіць глісты

За насвай уведзеная адказнасць. Чым ён небяспечны, апроч рызыкі падхапіць глісты

З 23 жніўня набылі моц змены ў адміністратыўным кодэксе, датычныя так званага насваю. Раней штрафавалі толькі гандляроў, і тое за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Першая навіна тычыцца тых, хто проста купляе па пакеціку насваю (важыць блізу дваццаці грамаў) і спажывае. Дык вось цяпер за такую пакупку і захоўванне пагражае штраф да дзвюх базавых велічыняў (42 рублі).

Другая навіна тычыцца незаконных гандляроў. За перавозку, перасылку, пакупку і захоўванне насваю (вага, большая за пяцьдзесят грамаў) прадугледжаны штраф ад дзесяці да сарака базавых (ад 210 да 840 рублёў). Магчымыя канфіскацыі “прыладаў і інструментаў здзяйснення адміністратыўнага правапарушэння”. Прасцей кажучы, могуць адабраць аўтамабіль, на якім гандляры перавозяць насвай, ці ровар і гэтак далей.

За выраб забароненай субстанцыі дадуць штраф ад 35 да 45 базавых адзінак (ад 735 да 945 рублёў). Таксама магчымыя канфіскацыі “прыладаў і інструментаў”.

Такім чынам, для барацьбы з насваем ўжылі тыя ж метады, што і з наркатычным насеннем маку (“бубкамі”). У турму гандляроў не пасадзяць, але задушаць велічэзнымі штрафамі.

За насвай уведзеная адказнасць. Чым ён небяспечны, апроч рызыкі падхапіць глісты

Ці ўваходзіць у склад насваю вярблюджы ці курыны памёт?

 

Спажыўцы закладаюць насвай за губу, а потым выплёўваюць. Дзеянне выглядае, мякка кажучы, неэстэтычна. Эфект ад аднаго прыёму ў разы пераўзыходзіць той, які атрымліваюць падчас курэння цыгарэт.

Галоўны нарколаг Мінздароўя Іван Канаразаў у свой час пералічыў для Еўрарадыё галоўныя інгрэдыенты насваю: тытунёвы пыл, гашаная вапна і… вярблюджы кізяк.

У інтэрнэце шмат відэа, дзе паказанае прыгатаванне насваю. Мяркуючы па іх, некаторыя вытворцы ўвогуле не выкарыстоўваюць фекаліі. А нехта наадварот дадае ў субстанцыю памёт жывёл і тут жа на камеру дэгустуе свой “прадукт”. Апроч названых інгрэдыентаў у насвай дадаюць попел ад раслінаў і разнастайныя віды алеяў.

У чым небяспека насваю?

 

Спажыўшы субстанцыю, чалавек не схопіцца за нож і не пойдзе рэзаць людзей. Але прывыканне да сумесі вельмі моцнае, і завязаць з гэтай звычкай гэтак жа складана, як кінуць курыць.

Праваахоўнікі часта расказваюць страшылкі пра тое, што шкода ад насваю — у сто разоў большая, чым ад цыгарэт. Таксама субстанцыю называюць псіхатропам. Але гэта звычайныя страшылкі. І спажыўцоў такое мала палохае.

Куды горш тое, што насвай бесперашкодна купляюць непаўналетнія і нават малалетнія. Як папярэджваюць псіхолагі, паспрабаваўшы насвай, дзеці потым хочуць чагосьці больш моцнага. Таму субстанцыю называюць пераходнай прыступкай да нарказалежнасці.

Другі момант, што пракантраляваць, што дадаецца ў субстанцыю, немагчыма. Спецыялісты падкрэсліваюць, што падчас спажывання насваю ёсць рызыка падхапіць страўнікавыя інфекцыі, падчапіць глістоў. Таксама рэгулярнае шматгадовае спажыванне субстанцыі павялічвае рызыку анкалагічных захворванняў органаў ротавай поласці.

Гандаль насваем у Мінску: на сумесі з тытуню і фекаліяў зарабляюць па $5000

 

Якой папулярнасцю карыстаецца насвай у беларусаў?

 

Паводле дадзеных МУС, у 2015 годзе было канфіскавана 2861 кг насваю.

Адзін пакецік, якога спажыўцу хапае прыкладна на тыдзень, важыць блізу дваццаці грамаў. Выходзіць, канфіскаванай масы хапіла б на фасаванне больш чым 143 тысяч пакецікаў. А колькі насваю дайшло да спажыўцоў!

Выглядае, што субстанцыя карыстаецца ў беларусаў досыць істотным попытам.

 

Акрамя насваю, пад забарону трапіў і жавальны тытунь

 

Апроч насваю, змены заканадаўства распаўсюджваюцца на іншыя віды жавальна-смактальных тытунёвых вырабаў. У тым ліку на тыя, што прадаюцца ў Мытным саюзе і з’яўляюцца, паводле шматлікіх даследаванняў, менш шкоднымі за цыгарэты. Напрыклад, шведскі снюс ці амерыканскі лонгкат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі