Беларус пад выглядам ФСБ абрабаваў дом расійскага тэлепрадзюсара
Беларус, якога затрымалі ў Падмаскоўі / mvdmedia.ru
За злачынства, якое адбылося ў Падмаскоўі год таму, расійскія паліцыянты затрымалі беларуса. Мужчыну падазраюць у рабаванні дома тэлепрадзюсара Васіля Грыгор'ева— стваральніка папулярнай у 90-х тэлеперадачы "Лялькі".
МУС РФ у сваім прэс-рэлізе называе затрыманага "грамадзянінам адной з краін блізкага замежжа". Пры гэтым мясцовыя СМІ яшчэ ў пятніцу пісалі, што паліцыя затрымала 29-гадовага грамадзяніна Беларусі, якт не меў у Маскве пастаяннага месца жыхарства.
У МУС Расіі кажуць, што цягам года пасля рабавання мужчына быў на тэрыторыі Беларусі, і расійская паліцыя шукала яго разам з беларускім МУС. У рэшце расіяне высветлілі, што ён знаходзіцца ў падмаскоўным пасёлку Марушкінскае ў кватэры сваякоў, і затрымалі яго. Беларуса ўзялі пад варту ў рамках крымінальнай справы аб разбоі.
Злачынства адбылося ў ноч на 12 студзеня 2022 года. Тады паведамлялася, што два мужчыны забраліся ў дом тэлепрадзюсара Грыгор'ева. Пагражаючы прадметам, падобным да агнястрэльнай зброі, яны забралі 130 тысяч долараў, 50 тысяч еўра і тры наручныя гадзіннікі. Агульную суму шкоды ацанілі каля 14 млн расійскіх рублёў (на той час гэта было каля 187 тысяч долараў паводле курсуе ЦБ РФ).
Па звестках "Московского комсомольца", рабаўнікі былі апранутыя ў форму ФСБ. У доме яны звязалі хатнюю прыслугу, якая спала разам з сваім сябрам, работнікам суседняга дома. Потым у іх рукі трапіў дворнік — яго таксама звязалі.
Калі дадому прыйшоў Васіль Грыгор'еў, рабаўнікі пагражалі яму пісталетам і шпрыцам з невядомым рэчывам. Яны казалі, што зробяць смяротную ін'екцыю, калі ён не аддасць грошы. Таксама пагражалі гранатай. У выніку прадзюсар аддаў ім грошы і дарагія гадзіны.
Дарэчы, скрадзеныя грошы прызначаліся на заробак хатняй прыслузе і побытавыя выдаткі.
Другога рабаўніка паліцыя працягвае шукаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.