За тры дні ў Дзяржынскім раёне затрымлівалі каля 45 чалавек
Рэжым спрабуе запалохаць людзей, каб не было супраціўлення / novychas.online
За тры дні ў Дзяржынскім раёне затрымлівалі каля 45 чалавек, піша spring96.org. Перад гэтым, 31 сакавіка, уздоўж дарогі каля горада былі вывешаны сцяжкі Беларусі і Украіны, а пры спробе іх зняць сілавікі нібыта знайшлі "выбуховую прыладу", а насамрэч яе муляж. Большасць затрыманых адпусцілі, каля дзясятка ў мясцовым РАУС чакалі прысуду па адміністрацыйных артыкулах — справы мусілі разглядзіць у панядзелак.
Па даных праваабаронцаў, пасля гэтай "зачысткі" мясцовыя жыхары запалоханыя і баяцца нешта казаць пра падзеі апошніх дзён. Вядома, што ператрусы і затрыманні праводзіліся пры ўдзеле байцоў САХРа і АМАПа. Найперш прыйшлі да тых, хто раней затрымліваўся за ўдзел у пратэстах, ці праязджаў каля месца, дзе невядомыя вывесілі сцяжкі. Толькі 1 красавіка ў Дзяржынску правялі каля 30 ператрусаў. Правяралі жыхароў і навакольных вёсак — Петкавічы, Навасёлкі, Энергетыкі.
"Ператрусаў шмат, затрымліваюць не ўсіх: праводзяць ператрус, спампоўваюць інфармацыю з тэлефона, многіх адпускаюць, нават нічога не вымаючы, — распавядаюць мясцовыя жыхары. — Аднаго чалавека выводзілі з дому з пакетам на галаве і ў кайданках. Многіх правяраюць, таму што яны трапілі на камеры відэаназірання на ўездзе ў Дзяржынск. Пытаюцца, навошта і куды ездзіў.
Па некаторых адрасах хадзілі ўчастковыя, правяралі тэлефоны, амаль усім ставілі нейкі бот, падаецца, "Магніт" называецца, але і правяралі падпіскі, лайкі, прагляды, перапіску. Некалькі чалавек распавялі, што ім усталявалі маячкі на машыны".
У панядзелак, 3 красавіка, у Дзяржынску працягнуліся ператрусы, але "такой актыўнасці няма, як у суботу". Пры гэтым сілавікі ездзяць па горадзе ў поўнай экіпіроўцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.