За забойства 8-месячнай дзяўчынкі вынесены смяротны прысуд і 25 гадоў

За забойства 8-месячнай дзяўчынкі вынесены смяротны прысуд і 25 гадоў

25 кастрычніка Брэсцкі абласны суд вынес прысуд па справе аб жорсткім забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы, піша TUT.by.

У групавым забойстве заведама малалетняй з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў прызналі вінаватай 26-гадовую маці дзяўчынкі і яе 48-гадовага знаёмага. Жанчына асуджаная на 25 гадоў калоніі агульнага рэжыму, яе саўдзельніку прысудзілі смяротнае пакаранне. (Нагадаем, што ў Беларусі смяротныя прысуды жанчынам не выносяцца.)

Працэс быў закрытым — па просьбе абвінавачанай і пацярпелага, якім прызналі бацьку дзяўчынкі.

Дзяржабвінаваўца паведаміў, што суд прызначыў тое пакаранне, якое прасіла пракуратура.

У Брэсцкай вобласці гэта першы смяротны прысуд за апошнія 10 гадоў. 

Дарэчы, за 2019 год у Беларусі гэта ўжо трэці смяротны прысуд. У лютым да расстрэлу прысудзілі бабруйчаніна Аляксандра Асіповіча, якога прызналі вінаватым у жорсткім забойстве дзвюх дзяўчат. У ліпені смяротны прысуд вынеслі 50-гадоваму Віктару Паўлаву з Віцебска — за забойства дзвюх пенсіянерак.

Лунінецкая трагедыя здарылася 11 месяцаў таму. Увечары 27 кастрычніка 2018 года бацька дзяўчынкі вярнуўся дадому і знайшоў труп дзіцяці. Дома былі 25-гадовая маці дзіцяці Наталля і яе 47-гадовы знаёмы Віктар. Абодва яны былі п'яныя. Экспертыза паказала ў крыві маці 1,6 праміле этылавага спірту, у мужчыны — 1,2.

Як заяўляла абвінавачанне, менавіта яны жорстка забілі васьмімесячную дзяўчынку. На целе дзіцяці выявілі сляды не менш 46 траўмаў. Паводле некаторых сведчанняў, дзяўчынка была без галавы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі