Абаронцы жывёл: Закон "Аб абыходжанні з жывёламі" не прынялі, бо “дарагі”
Закон, які абараняе жывёл спрабуюць прыняць 12 гадоў. Дэпутаты зноў гавораць, што “гатовы над ім працаваць”, але разглядаць праект… не збіраюцца.
Правы жывёлам ледзь не надалі 1,5 года таму. Тады Палата прадстаўнікоў нават хацела ўвесці крымінальную адказнасць за здзек з жывёлаў, законапраект прайшоў першае чытанне. Перашкодзілі… абаронцы жывёл!
“Адзін з фактараў, чаму закон не быў прыняты, — гэта шматлікія звароты зааабаронцаў пра тое, што закон дрэнны. Бо ён недастаткова абараняе жывёл. Але там была крымінальная адказнасць, былі жорсткія штрафы”, — тлумачыць Еўрарадыё аўтар таго законапраекту, экс-дэпутат Ларыса Вершаловіч.
На закон проста не хапіла грошай, парыруе намесніца старшыні таварыства “Ратаванне жывёлаў” Людміла Атрашкевіч:
“Каб прыняць добры закон, патрэбныя значныя сродкі. Патрэбныя прытулкі — гэта дорага, чыпіраванне жывёл — таксама дорага. Трэба таксама нейкую службу, якая будзе сачыць за выкананнем гэтага закону. Не прынялі, бо супраць былі зааабаронцы — гэта смешна гучыць!” — тлумачыць абаронца жывёл.
Такі закон спрабавалі прыняць яшчэ ў 2001 годзе, прыгадвае Людміла Атрашкевіч. І тады праект прайшоў амаль усе ўзгадненні, але прыняты не быў.
Пасля з'яўлення мінскага жывадзёра (каты без лап, сабака без скуры) пра гэты закон зноў загаварылі, у інтэрнэце пачалі збіраць подпісы пад петыцыяй, каб разварушыць заканадаўцаў.
Пра мінскага жывадзёра чулі і ў Палаце прадстаўнікоў. Над законам тут працаваць гатовыя, але у планах на бліжэйшую сесію такога законапраекта няма.
“Законапраект быў зняты з разгляду ў 2012 годзе. Але як толькі законапраект паступіць, мы з задавальненнем яго разгледзім. Розныя могуць быць варыянты, можна працаваць над тым, які быў, можна разглядаць новыя варыянты”, — расказвае Еўрарадыё намесніца старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і Чарнобыльскай катастрофы Ала Навумчык.
Цікава, што заканадаўцы чакаюць, пакуль да іх паступіць праект закону, які самі могуць пачынаць распрацоўваць!
Нагадаем, на рахунку мінскага жывадзёра, інфармацыя пра якога з’явілася месяц таму, ужо дзясятак ахвяр: каты з адрэзанымі лапамі і хвастамі, сабака з адрэзанымі вушамі і садранай скурай. Пакуль жывадзёр заціх: больш за тыдзень, пасля шуміхі ў інтэрнэце, новых ахвяр няма.
Фота: dayevents.ru