Заатэхнік на размеркаванні: Узімку ездзіў на ровары, ферма за 10 кіламетраў
Размеркаваны ў гаспадарку “Акцябрскі агра” малады спецыяліст вымушаны у дзень праязджаць дзясяткі кіламетраў на ровары і мае ўжо 500 тысяч штрафаў.
Выпускнік Палескага аграрнага каледжу Стас, якога Еўрарадыё заспела на працы, ужо больш за год працуе ў калгасе заатэхнікам. Заробак — больш за 2 мільёны. Але на ферму ездзіць на ровары, бо ў гаспадарцы няма транспарту, і… плаціць штрафы.
“Усю зіму, усю вясну я праездзіў на ровары. У мяне ўжо вісіць пяць штрафаў ад ДАІ, за катафоты. Ездзіць на ровары ў галалёдзіцу, напрыклад, наогул забаронена. Арганізацыя нічога не робіць, а не выйдзеш на працу — прагул!” - расказвае Стас.
Малады спецыяліст жыве ў інтэрнаце, але той далёка ад фермы: пешкі не дойдзеш, а з транспарту толькі ровар.
“Да фермы прыкладна 10 кіламетраў, калі два разы едзеш, будзе ўжо 20 — а калі тры разы трэба ездзіць? Я цярпеў, але ужо няма сілаў. Я магу на ровары ездзіць, але няхай ДАІ пакіне мяне ў спакоі. Што ж мне, на штрафы працаваць. За год і два месяцы ўжо 500 тысяч штрафаў”, — прызнаецца “злосны парушальнік”.
Супрацоўнікі гаспадаркі з начальства маюць машыны: старшыня — службовую "Ніву", іншыя — уласныя "Жыгулі" ці "Ладу", прыгадвае малады спецыяліст.
У інтэрнаце Стас жыве адзін, з умоваў — душ толькі на першым паверсе. На размеркаванні яму засталося некалькі месяцаў, пасля збіраецца з’язджаць у родны Мазыр.
“Можа, у гандаль пайду, можа, у ахову. Пакуль я не збіраюся звальняцца і адмаўляцца ад працы”, - даводзіць Стас.
У выніку хлопца выклікалі да начальства, бо інфармацыя пра яго размеркаванне з’явілася ў інтэрнэце, на сайце "Хартыя'97". У адміністрацыі гаспадаркі ведаюць пра праблемы з транспартам для маладога спецыяліста, і ў адказ скардзяцца на яго.
“Вы думаеце, у нас умовы лепшыя?! Дык яму штрафы даюць, таму што не можа флікер на ровар павесіць. Не маленькі ж ужо! Дый у войска ён хутка ідзе”, — эмацыйна адзначаюць у адміністрацыі.
Ды ў дадатак наракаюць на дрэнную адукацыю ў маладых спецыялістаў.
“Яны ж паўнулявыя прыходзяць з таго тэхнікума, і куды нам паскардзіцца? У нас праблем шмат, і ніхто ісці не хоча. Ды і мы так працуем, без транспарту.”
Калі дрэнная адукацыя, дык навошта замаўлялі на размеркаванні… не зразумела.
У 2012 годзе пасля тэхнікаў і вучэльняў размеркавалі 18 тысяч 800 чалавек. З іх сталі працаваць на размеркаванні толькі 17 тысяч, паведамляе Белстат.
Фота: http://alzov.ru