Забудоўшчык “Маяка Мінска” абяцаў жыхарам гандолы, але нешта пайшло не так
Адной з перавагаў жылога комплекса “Маяк Мінска” на паўночным усходзе сталіцы Беларусі мусілі стаць гандолы, на якіх можна было б прагуляцца вакол Нацыянальнай бібліятэкі. Маршрут па Сляпянскай воднай сістэме абяцаў быць маляўнічым.
"Гэта інавацыя, якой цяпер няма ні ў Маскве, ні ў многіх іншых еўрапейскіх сталіцах", — хвалілі праект прадстаўнікі забыдоўшчыка. У 2016 годзе размова ішла пра тое, што гандолы, абяцаныя жыхарам “Маяка Мінска” яшчэ ў мінулым дзесяцігоддзі, ужо замоўленыя ў Італіі.
Сёння жыхары квартала са здзіўленнем пабачылі, што забудоўшчык трымае слова. Што праўда, гандола пакуль не ў вадзе. Ды і ўвогуле ў тым, што бываюць гандолы з маторчыкамі, шмат хто сумняецца.
Высветлілася, што 22 траўня ў “Маяку Мінска” адбудзецца свята з нагоды адкрыцця фантана, назву для якога выбіралі ўсім кварталам. Падчас мерапрыемства выступіць гурт “Без Білета”. І гандола, кажуць, спатрэбіцца. Але для чаго — трымаюць у таямніцы.