Дэкан факультэта эканомікі БДУ: Падзенне расійскага рубля нам не нашкодзіць

За кастрычнік расійскі рубель абясцэніўся на цэлых 8%. Цэнтрабанк Расіі выдаткаваў на падтрымку нацыянальнай валюты 22 мільярды долараў з рэзерваў. Як гэта адаб’ецца на Беларусі і беларусах? Фінансавы аналітык афіцыйнага прадстаўніка кампаніі “Альпары” у Мінску Вадзім Іосуб супакойвае.

“Не вельмі востра і з некаторай часовай затрымкай. Хутчэй за ўсё, зніжэнне курса расійскага рубля можа непасрэдна паўплываць на беларускі экспарт у Расію”, — мяркуе эксперт.

А з ім і на прыбыткі імпарцёраў, і агулам на колькасць паступленняў у бюджэт. Расія, як-ніяк, была, застаецца і пакуль што будзе галоўным гандлёвым партнёрам Беларусі.


А вось вызначыць мяжу курса расійскага рубля, пры якой беларусам варта хавацца ў бульбу, практычна немагчыма, мяркуе Іосуб. Дакладна не вядома нават, пры якім курсе расійскага рубля катастрофа пачнецца ў самой Расіі:

“На самой справе, было б цяжка сказаць нават, які курс расійскага рубля стаў бы катастрофай для Расіі. Таму што яго падзенне нават у Расіі некаму выгаднае, некаму — не. Нейкага такога ўзроўню, пры дасягненні якога беларусы рэзка штосьці адчуюць, хутчэй за ўсё, няма”.

Дэкан факультэта эканомікі БДУ Міхаіл Кавалёў кажа Еўрарадыё, што праблемы будуць у тых, хто атрымлівае заробак у расійскіх рубляў. Іншым баяцца пакуль няма чаго.

“Тыя, хто зарабляе ў Расіі і атрымлівае заробак у расійскіх рублях, тыя беларусы, вядома, адчуюць. І такіх даволі шмат. Для астатніх, я думаю, вялікай праблемы няма”.

Пры гэтым Міхаіл Кавалёў мяркуе, што абвал расійскай валюты пакуль не асабліва паўплываў нават на прыбыткі экспарцёраў. Маўляў, на расійскі рубель ва ўзаемных разліках мы так і не перайшлі:

“Экспарцёры жартуюць, што менш зарабляюць на экспарце цяпер. Але яны гэта хітруюць. Практычна ўсе кантакты па пастаўках у Расію падпісваюцца ў доларах і выконваюцца ў доларах. На жаль, мы яшчэ з Расіяй не перайшлі на разлікі ў нацыянальнай валюце”.

На жаль, ці не на жаль — можна паспрачацца. Верагодна, што беларускія вытворцы зусім не сумуюць праз доларавыя ўзаемаразлікі з расіянамі. Пытанне ў тым, ці будуць ў беларусаў новыя кантракты.

Фота — tiras.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі