Захарчанка: "ДНР" мабілізуе ў войска 100 тысяч чалавек
Усеагульная мабілізацыя ў самаабвешчанай рэспубліцы мусіць пачацца праз 10 дзён.
У самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспубліцы" праз 10 дзён пачнецца ўсеагульная мабілізацыя. Плануецца прызваць у шэрагі ўзброеных фармаванняў 100 тысяч чалавек. Пра гэта 2 лютага заявіў кіраўнік "ДНР" Аляксандр Захарчанка, інфармуе РІА "Новости".
Нагадаем, паміж украінскімі сілавікамі і баевікамі працягваюцца баі, асабліва жорсткія — у раёне Дэбальцава. Незаконныя ўзброеныя фармаванні пры падтрымцы танкаў і бронетэхнікі спрабуюць узяць гэты горад і ліквідаваць выступ, які часткова падзяляе "ДНР" і "ЛНР".
У суботу ў Мінску адбылася сустрэча трохбаковай кантактнай групы па вырашэнні сітуацыі на Данбасе. Як заявіў экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, які прадстаўляў Кіеў, перамовы былі сарваныя баевікамі, якія выставілі ўльтыматум аб аднабаковым спыненні агню ўкраінскімі войскамі.
Фота: ria.ru