Заіка: Нулі закрэслім і долар можна будзе набыць за 80 капеек!

Напрыканцы года з'явіліся чуткі пра магчымую дэнамінацыю, нібыта, за мяжой ужо друкуюць новыя беларускія грошы. Зразумела, беларускія ўлады іх абвяргаюць. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з кіраўніком аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанідам Заікам.
111227 Zaika_rez.mp3
Леанід Заіка: Я не стаў бы сцвярджаць, што ўрад і Нацыянальны банк вядуць сябе ўпэўнена і гатовыя правесці дэнамінацыю. Беларусь стала краінай, дзе ўнікальна нізкія суадносіны паміж доларам і нацыянальнай грашовай адзінкай, і гэта вельмі дрэнна. Ужо сам беларускі рубль не існуе. Калі нехта пакажа мне білет Нацыянальнага банку наміналам у адзін рубель… То бок, у нас няма рублёвага абароту. У нас ёсць дзесяцірублёвы абарот, дваццацірублёвы... А калі зрабіць дэнамінацыю... гэта, вядома, залежыць ад упэўненасці ўладаў у адэкватнай рэакцыі насельніцтва.

Еўрарадыё: А дэнамінацыя выратуе нашую эканоміку, ці з’явіцца яна нейкім сваеасаблівым лекам?

Леанід Заіка: Ніякім лекам гэта не будзе. Лекі трэба шукаць у галаве, у прафесійнасці. Самае цікавае ў дэнамінацыі — гэта колькі нулёў закрэсліваць. Прымітыўна — гэта закрэсліць тры нулі. А вось калі закрэсліць чатыры нулі, у нас ёсць перспектывы.

Справа ў тым, што мы ўжо “ўліплі” ў мытны саюз і ўвайшлі ў адзіную эканамічную прастору. І нам у сувязі з гэтым трэба нешта запрапанаваць. Скажам, прэзідэнт Казахстана прапанаваў зрабіць сталіцу Мытнага саюзу ў Астане, а мы запрапануем беларускі рубель!

Калі мы закрэслім чатыры нулі, у нас будзе цудоўная грашовая адзінка. Скажам, за 80 капеек можна будзе набываць адзін долар. Ну хто сёння гэта можа? У рускіх долар каштуе недзе каля 30 рублёў і ў казахаў задорага. А тут мы ўсіх апярэджваем, выціраем нос...

Гэта цікава і таму, што пры дэнамінацыі адзін да 10 тысячаў у нас з’яўляецца абсалютна адэкватнае ўспрыняццё рэчаіснасці. То бок, заробак будзе 200 рублёў — савецкіх часоў, хлеб будзе каштаваць 20-30 капеек, гарэлка будзе каштаваць два рублі! То бок, такі моцны псіхалагічны момант.

Еўрарадыё: Думаеце, зноў могуць з'явіцца манеты?

Леанід Заіка: Манеты, наяўныя грошы — гэта ўчорашні дзень. Яны, вядома, могуць з’явіцца. Але карысць з гэтага будзе толькі жабракам, калі іх будзе многа ў краіне... Я лічу, што мы павінны нашаму ўраду падказаць: павялічвайце сферу безнаяўных разлікаў. Электронныя карткі ліквідуюць усялякую патрэбу ў капейках. І калі ў нас зараз 30% гандлёвых разлічэнняў прыпадае на безнаяўныя разлікі, то трэба давесці гэты адсотак да ста.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі