Закрыты суд і абвінавачанні ў тэракце: М'янма пакарала смерцю чатырох актывістаў
Пратэсты ў М'янме ў 2021 годзе / VOA Burmese
Вайскоўцы пакаралі смерцю чатырох дэмакратычных актывістаў М'янмы. Гэта першае прымяненне смяротнага пакарання ў краіне за апошнія дзесяцігоддзі, піша ВВС.
Смяротныя прысуды і пакаранні рушылі следам за захопам улады ў краіне ваеннай хунтай у 2021 годзе. Тады вайскоўцы заявілі, што вынікі ўсеагульных выбараў, на якіх перамагла палітычная партыя Су Чжы, былі сфальсіфікаваныя. Прадстаўнікі выбарчай камісіі заявілі, што доказаў махлярства няма.
Захоп улады вайскоўцамі справакаваў масавыя дэманстрацыі, якія былі жорстка задушаныя. Паводле звестак праваабаронцаў, пасля перавароту былі арыштаваныя 14 847 чалавек. Сотні чалавек былі забітыя.
Закрыты суд
Актывістаў асудзілі на смяротнае пакаранне падчас закрытага судовага працэсу, які раскрытыкавалі праваабарончыя арганізацыі.
Дзяржаўнае агенцтва навінаў М'янмы Global News Light паведаміла, што чацвёра мужчынаў былі пакараныя за тое, што "давалі ўказанні, дамаўляліся і ўдзельнічалі ў змове дзеля здзяйснення жорсткіх і бесчалавечных тэрарыстычных актаў". У гэтай заяве не паведамлялася, калі і як актывісты былі пакараныя.
Вядома, што адзін з пакараных, 53-гадовы Ко Джымі, быў ветэранам студэнцкага прадэмакратычнага руху Бірмы. Ён пратэставаў супраць ваеннай хунты яшчэ падчас студэнцкіх бунтаў 1988 года. Яго арыштавалі па абвінавачанні ў захоўванні зброі і боепрыпасаў. Яго таксама абвінавацілі ў тым, што ён быў дарадцам сфармаванага пасля перавароту прадэмакратычнага ўрада нацыянальнага адзінства.
Сярод пакараных таксама — былы дэпутат, 41-гадовы Фьё Зея Тоу. У мінулым — хіп-хоп выканаўца, ён быў вядомы сваімі антываеннымі тэкстамі.
Яшчэ пра двух пакараных актывістаў вядома менш. Іх прысудзілі да смяротнага пакарання за забойства жанчыны, якая была меркаванай інфарматаркай хунты.
“Сын прасіў акуляры для чытання і слоўнік”
Паводле звестак ААН, гэта першае пакаранне смерцю ў М'янме з 1988 года. Папярэднія пакаранні праводзіліся праз павешанне.
Сваякі пакараных актывістаў расказвалі, што не верылі ў смяротныя прысуды. Маці аднаго з іх паразмаўляла з ВВС. Яна паведаміла, што напярэдадні размаўляла з сынам у Zoom.
"У мінулую пятніцу мой сын быў здаровы і ўсміхаўся. Ён папрасіў мяне даслаць яму акуляры для чытання, слоўнік і трохі грошай, каб скарыстаць іх ў турме. Сёння я прынесла гэтыя рэчы ў турму", — кажа маці загінулага.
Усе сем'і падалі заяўкі на атрыманне звестак пра пакаранні смерцю.
“Абураны і спустошаны”
Спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Мьянме Том Эндрус заявіў, што ён "абураны і спустошаны навінамі пра пакаранне хунтай патрыётаў М'янмы і змагароў за правы чалавека і дэмакратыю".
"Гэтыя заганныя дзеянні мусяць зрабіцца паваротным момантам для міжнароднай супольнасці", — заявіў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.