"Залаты глобус" атрымалі фільмы "12 гадоў рабства" і "Афёра па-амерыканску"

Імёны ўладальнікаў узнагародаў былі абвешчаныя на ўрачыстай цырымоніі. Яна адбылася ў Лос-Анджэлесе ўвечары 12 студзеня (раніцай 13 студзеня паводле беларускага часу).



Стужка "12 гадоў рабства" рэжысёра Стыва Маккуіна атрымала ўзнагароду як найлепшы драматычны фільм, піша lenta.ru. "Афёра па-амерыканску" Дэвіда Расэла была названая найлепшай камедыяй/мюзіклам. Акрамя таго, "Залатыя глобусы" атрымалі за працу ў "Афёры па-амерыканску" Джэніфер Лоўрэнс і Эмі Адамс, прызнаныя найлепшай акторкай другога плану і найлепшай камедыйнай акторкай адпаведна. Найлепшым акцёрам у камедыі быў названы Леанарда дзі Капрыё за фільм "Воўк з Уол-стрыт" рэжысёра Марціна Скарсэзэ.



Перамогу ў катэгорыі "найлепшая драматычная акторка" атрымала Кейт Бланшэт за ролю ў фільме Вудзі Алена "Жасмін". Найлепшым акцёрам у драматычным фільме стаў Мэцью Макконахі за ролю ў "Даласкім клубе пакупнікоў". Джарэд Лета, які таксама згуляў у гэтым фільме, быў названы найлепшым акцёрам другога плану.



Альфонса Куарон за фільм "Гравітацыя" атрымаў "Залаты глобус" як найлепшы рэжысёр. А Спайк Джонз быў узнагароджаны за найлепшы сцэнар за працу над фільмам "Яе" (Her).



Найлепшым анімацыйным фільмам стала "Халоднае сэрца" кампаніі Walt Disney Co. А ўзнагароду за найлепшы фільм на замежнай мове атрымала драма італьянскага рэжысёра Паала Сарэнціна "Вялікая прыгажосць".



Фота — kinobastion.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі